Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СПАРАЛІЗАВАНАЯ ПРАЦА ПЕРШАСНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПРАФСАЮЗУ АПК


Казімер Яноўскі, Гомель

Старшыня Гомельскага абкаму прафсаюзаў АПК Уладзімер Навумчык сьцьвярджае, што ў калгасах і саўгасах рэгіёну заблякаваныя сотні мільёнаў рублёў прафсаюзных грошай.

На Гомельшчыне памятаюць, як Аляксандар Лукашэнка напалохаўся актыўнасьці прафсаюзаў ды пагражаў забараніць бугальтэрыям прадпрыемстваў і калгасаў утрымліваць прафсаюзныя складкі з заробку. Маўляў, на тое няма волі шараговых працаўнікоў.

Мэта ўціску была відавочная: пазбавіць прафсаюзныя арганізацыі фінансавай падтрымкі.

Прафсаюзы адрэагавалі на пагрозу: сабралі заявы чальцоў пра добраахвотнае ўтрыманьне праз бугальтэрыі 1% заробку на прафсаюзныя справы. Аднак прафсаюзныя фармаваньні патрапілі ў чарговую пастку — зноў-такі фінансавую.

Распавядае старшыня абкаму прафсаюзу працаўнікоў аграпрамкомплексу Ўладзімер Навумчык:

(Навумчык: ) "З улікам таго, што зараз гаспадаркі закрэдытаваныя — ляжаць там розныя плацяжы за даўгі, то даручэньні адносна прафсаюзных складак таксама складаюць у агульны стос. Грошы праз банк на рахункі прафсаюзных арганізацыяў патрапіць ня могуць. Іх калгасы скарыстоўваюць на свае патрэбы".

Паводле ягонай інфармацыі, бугальтэрыі калгасаў і саўгасаў рэгіёну заблякавалі зараз 259 мільёнаў рублёў прафсаюзных складак.

(Навумчык: ) "Як вынік, спаралізаваная праца першасных арганізацыяў. Нельга правесьці ніякіх мерапрыемстваў, наведаць у шпіталі хворага, аказаць чалавеку матэрыяльную дапамогу", — кажа старшыня прафсаюзу аграпрамысловага комплексу.

Пра сытуацыю з прафсаюзнымі складкамі спадар Навумчык паінфармаваў старшыню аблвыканкаму Аляксандра Якабсона падчас сустрэчы ў Доме прафсаюзаў. Для галоўнага вэртыкальшчыка вобласьці гэта ня стала нечаканай навіной. На словах жа ён пагадзіўся, што так далей працягвацца ня можа.
XS
SM
MD
LG