Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛАДОЎШЧЫЦ У БАБРУЙСКУ ПАСЬЛЯ ЎЧОРАШНЯЙ ІХ СУСТРЭЧЫ З ГАНЧАРЫКАМ ПРЫНЯЎ КІРАЎНІК ГОРАДУ


Аляксандар Сердзюкоў, Бабруйск

Зьнямоглыя пасьля дзевяцідзённай галадоўкі жанчыны яшчэ раз нагадалі старшыні гарвыканкаму пра свае патрабаваньні. Больш як 15 гадоў стаялі ў чарзе на кватэру работніца акцыянэрнага таварыства “Фандок” Галіна Гусева, жонка працаўніка бабруйскага філіялу МТЗ Яніна Аўсянік і камэндант інтэрнату гэтага прадпрыемства Эва Усьцімчук – яна, як і старэйшы бухгальтар філі Любоў Санковіч, патрабуе аднаўленьня на працы. Паводле меркаваньня спадарыні Санковіч, яна была звольненая з працы пасьля таго, як напісала скаргі ў міністэрства прамысловасьці і камітэт Дзяржкантролю Магілёўскай вобласьці пра фінансавыя злоўжываньні адміністрацыі прадпрыемства. Жанчыны патрабуюць ад уладаў дзьвюх рэчаў – жыльля і працы.

Пра гэта яны і заявілі на сустрэчы з кіраўніком бабруйскай гарадзкой вэртыкалі. Аднак Міхаіл Бадарэнка адмовіўся задаволіць іх патрабаваньні і прапанаваў спыніць галадоўку да прыезду камісіі Дзяржаўнага камітэту кантролю Магілёўскай вобласьці. Яе прадстаўнікі мяркуюць прыехаць пасьля 9 верасьня, што і выклікае заклапочанасьць удзельнікаў галадоўкі. Прадстаўнікам бабруйскай філіі МТЗ патлумачылі, што вольнага жыльля няма і таму трэба чакаць камісіі. Работніцы “Фандоку” Гусевай параілі зьвярнуцца ў суд.

На гэтым сустрэча і скончылася. Наагул, мясцовае чынавенства выказала меркаваньне, што галадоўка бабруйскіх жанчынаў зьвязаная з перадвыбарчай кампаніяй Ўладзімера Ганчарыка. Такая думка ўзьнікла ў іх пасьля таго, як кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Ганчарык наведаў жанчынаў і паабяцаў ім сваю дапамогу. Відаць, гэты візыт і падштурхнуў Міхаіла Бандарэнку да сустрэчы з удзельніцамі галадоўкі.

Самі жанчыны выказалі незадавльненьне вынікамі сустрэчы і маюць намер працягваць галадоўку. Як заявіла былая бухгальтарка Санковіч (цытата) “Мы ўжо ня верым ніякім абяцаньням. Пасьля 9 вераьсня, калі пераможа Лукашэнка, пра нас забудуць. Мы спадзяемся на свае ўласныя сілы і Божую літасьць”. Дарэчы, спадарыня Санковіч настроеная найбольш аптымістычна. Магілёўскі абласны суд накіраваў яе пазоў аб аднаўленьні на працы ў Бабруйскі гарадзкі суд.

Тым часам, мужныя жанчыны надалей трымаюць галдадоўку. Сёньня іх пачалі ахоўваць мясцовыя праваабаронцы і зуброўцы. Як паведамілі прадстаўнікі Баруйскага аддзяленьня БГК, яны атрымалі інфармацыю пра намер міліцыянтаў вывезьці жанчынаў у іншае месца.


XS
SM
MD
LG