Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕРАСЬЦІ ЗАТРЫМАЛІ ПЯЦЁХ ЗУБРОЎЦАЎ ПАДЧАС РАСПАЎСЮДЖАНЬНЯ СПЭЦВЫПУСКУ “НАШАЙ СВАБОДЫ”


Алег Супрунюк, Берасьце

Месцам для распаўсюджваньня газэтаў сябры руху супрацiву "Зубар" Палiна Панасюк i Андрэй Залатар абралi так званы Паўночны гарадок у Берасьцi, дзе разьмешчаны батальён унутраных войскаў. Такiм чынам "зубры" спрабавалi давесьцi вайскоўцам, што iм ня трэба выконваць загады свайго камандаваньня, калi яны супярэчаць закону. Побач з тымi, хто распаўсюджваў газэту "Наша Свабода", знаходзiлiся яшчэ тры непаўнагадовыя хлопцы (Хатынюк, Гарошка ды Крук). Прыкладна праз дзесяць хвiлiнаў каля КПП зьявiўся начальнiк службы аховы батальёну i некалькi вайскоўцаў, якiя затрымалi "зуброў". Iх адвезьлi ў пастарунак, а пасьля – у Ленiнскi райадзел унутраных справаў, дзе склалi пратаколы. Палiну Панасюк i Андрэя Залатара абвiнавацiлi ў правядзеньнi несанкцыянаванага пiкетаваньня каля вайсковай часткi.

Што да астатнiх затрыманых, дык мiлiцыянты выклiкалi iхных бацькоў. Былi складзеныя пратаколы на падставе артыкула 162-га (частка першая) Адмiнiстрацыйнага кодэксу – "злоснае невыкананьне бацькоўскiх абавязкаў". Цяпер гэтыя пратаколы будуць перададзеныя на разгляд раённых камiсiяў ў справах непаўнагадовых, якiя могуць прыняць рашэньне аб накладаньнi штрафу памерам ад 10-цi да 20-цi мiнiмальных заробкаў. Пра тое, як мiлiцыянты запалохвали мацярок некаторых з затрыманых, распавядае бацька непаўнагадовага Вiктара Крука:

(Крук:) "Як толькi яна ўвайшла, ёй адразу сказалi: "Калi што, мы зараз яго накiруем у вэнэрычны дыспансэр на абсьледаваньне, а потым у Баранавiцкi прыёмнiк-разьмеркавальнiк". Яна апынулася ў шоку".

Паведамiў бацька Вiктара Крука, якому мiлiцыянты таксама пагражалi адлiчэньнем з палiтэхнiчнага тэхнiкуму.

Берасьцейскiя актывiсты руху "Зубар" лiчаць, што такiя зьняважлiвыя паводзiны супрацоўнiкаў праваахоўчых ворганаў, ёсьць своеасаблiвым адказам на прапанову "зуброў", якiя зьвярнулiся да кiраўнiкоў мясцовай мiлiцыi з заклiкам шчыра распавесьцi пра лёс зьнiклых на Беларусi людзей.


XS
SM
MD
LG