Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАЛЁТ МІЛІЦЫІ НА ПРЫВАТНУЮ ХАТУ


Браніслава Станкевіч, Ворша

Першым у прыватную хату кіраўніка Аршанскай філіі КХП-БНФ Юрыя Санько сёньня апоўдні завітаў інспэктар пажарнай бясьпекі, а зь ім разам – участковы міліцыянт: нібыта для праверкі пашпартнага рэжыму. Толькі замест выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў абодва адразу скіраваліся ў той пакой, дзе знаходзіўся рэзограф – памнажальная тэхніка недзяржаўнай газэты “Куцейна”.

Тымчасам ля хаты зьявіліся невядомыя людзі ў цывільным, яшчэ міліцыянты ды супрацоўнікі камітэту фінансавых дасьледваньняў. Занепакоеныя гаспадары пачалі тэлефанаваць рэдактару “Куцейны” Віктару Андрэеву ды юрысту Вольнага прафсаюзу Алегу Граблеўскаму. Алег Граблеўскі – сваяк сям’і Санько – зьявіўся першы. Ён зачыніў знутры ўваходныя дзьверы, у той час, як нечаканыя наведнікі атачылі хату.

Некалькі гадзінаў гаспадары былі ў аблозе. А потым, дачакаўшыся санкцыі пракурора, міліцыянты выбілі нагамі ўваходныя дзьверы. Дарэчы, увесь гэты час у хаце знаходзілася цяжарная жанчына.

Дабраўшыся да рэзографа, людзі ў цывільным склалі пратакол ды вывезьлі тэхніку. Характэрна, што суседзі, якія зьбегліся на ўзьняты міліцыянтамі вэрхал, катэгарычна адмовіліся стаць панятымі.
XS
SM
MD
LG