Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХЛОПЦУ, ЯКІ ВЫЙШАЎ СА СЬЦЯГАМ НА “СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ”, ПРЫСУДЗІЛІ ШТРАФ У АДЗІН МІНІМАЛЬНЫ ЗАРОБАК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Судовы працэс над Андрэем Капорыкавым доўжыўся ўсяго адну гадзіну.У выніку судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Эдуард Казлоў прысудзіў хлопцу штраф у адзін мінімальны заробак, які зараз складае 7500 рублёў або 5 даляраў.

Тое, што Андрэй Капорыкаў выгукваў "Жыве Беларусь", раскідаў антылукашэнкаускія ўлёткі ды ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг,судзьдзя кваліфікаваў як дробнае хуліганства, зазначыўшы толькі, што гэтыя дзеяньні заміналі гледачам назіраць за канцэртам.

Але паколькі ў судзе не было ніводнага сьведкі і не было прыкладзена да справы ніводнае глядацкае скаргі, судзьдзя сам мусіў пагадзіцца, што найбольш незадаволеным застаўся адзін глядач таго канцэрту — Аляксандар Лукашэнка. Андрэй Капорыкаў патлумачыў у судзе свае дзеяньні наступным чынам:

(Капорыкаў: ) "Маёй мэтай было паказаць усім, што ў нас ёсьць свой сьцяг, які быў і будзе. За яго змагаліся нашы дзяды і прадзеды, і я хацеў зрабіць нешта падобнае".

Судзьдзя Эдуард Казлоў, не хаваючы свайго жаданьня сёньня ж завершыць разьбіральніцтва, адхіліў просьбу абаронцаў выклікаць сьведкаў інцыдэнту ды паказаць апэратыўны відэазапіс — у прыватнасьці, запіс таго, як Андрэя на вачох у соцень людзей зьбівала Лукашэнкава ахова. З-за гэтага хлопец атрымаў траўмы ды страціў прытомнасьць.

Ягоны абаронца, кіраўнік віцебскае філіі БГК заявіў з гэтае нагоды: "Людзі, якія сустракалі Капорыкава з пастарунку, могуць сьведчыць, што ён быў моцна зьбіты. Гэта ж пацьвярджае стан ягоных рэчаў — парванае адзеньне ды абутак, бо хлопца літаральна цягнулі па асфальце. Гэта нялюдзкае абыходжаньне, і мы будзем падаваць скаргу ў пракуратуру, каб абскардзіць дзеяньні тых, хто затрымліваў Андрэя Капорыкава".

Прысутныя на судовым паседжаньні прадстаўнікі Маладога Фронту ды Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ пагадзіліся з гэткім рашэньнем, бо, на іхную думку, відавочнае было імкненьне судзьдзі як найхутчэй скончыць гэтую справу, прысудзіўшы Андрэю Капорыкаву мінімальнае пакараньне ды не акцэнтуючы ўвагі на ейным палітычным зьмесьце напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.


XS
SM
MD
LG