Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКАЯ МІЛІЦЫЯ ПРАВЯЛА ШЭРАГ НАПАДАЎ З УЗЛОМАМІ НА КВАТЭРЫ ГРАМАДЗКІХ АКТЫВІСТАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Пасьля няўдалай спробы ўварвацца ў прыватны дом старшыні абласнога грамадзкага аб'яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы" Віктара Карняенкі і затрыманьня ягонага намесьніка спадара Кацоры, гомельскія міліцыянты распачалі налёты на кватэры актывістаў дэмакратычных арганізацыяў.

Учора ўвечары, калі сябар Аб'яднанай грамадзянскай партыі рабочы станкабудаўнічага заводу імя Кірава Яўген Казлоў вярнуўся пасьля працы дамоў, то жахнуўся: дзьверы ягонай кватэры былі ўзламаныя. На дзьвярах запіска: "Па пытаньні ўскрыцьця зьвяртацца ў ЖЭУ-18 і ва ўчастак міліцыі №3 на праспэкце Кастрычніка". Унізе подпіс — участковы інспэктар Савецкага райаддзелу міліцыі, капітан Піпчанкоў.

Міліцыянты патлумачылі, што дзьверы ўзламалі з прычыны ананімнага званка пра трупны смурод. Калі Яўген Казлоў нарэшце патрапіў у кватэру, то ўбачыў, што тут быў звычайны ператрус. Кватэра спадара Казлова зьяўляецца юрыдычным адрасам гарадзкой і раённай суполак Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Міліцыянты напэўна шукалі сатырычную газэту "Бульдозэр" ды іншыя друкаваныя матэрыялы да выбараў, што распаўсюджваюць зараз у горадзе.

Сёньня налёт і ператрус адбыўся таксама ў кватэры лідэра моладзевага крыла Аб'яднанай грамадзянскай партыі Алеся Карніенкі (сам ён у Менску). Кватэрай па даверанасьці карыстаюцца сябры незарэгістраванага моладзевага цэнтру "Гарт". Дзень таму міліцыянты ўжо спрабавалі ўварвацца ў кватэру, але моладзь не адчыніла дзьвярэй. Сёньня тут гаспадарнічалі супрацоўнікі абласной управы КГБ. Замкі былі ўзламаныя. Па зьвестках суседзяў, з кватэры чуліся крыкі.

Каля двух дзясяткаў сяброў "Гарту" дзяжурылі пад вокнамі кватэры. Ператрус цягнуўся 4 гадзіны. Вялі яго супрацоўнік КГБ Аляксандар Ястрэменка, міліцыянт у форме і яшчэ пяцёра ў цывільным. Ордэр на вобшук падпісаў лейтэнант КГБ Сьцяпанаў, а санкцыю даў абласны пракурор Алег Палавінка.

На пачатку 16-й гадзіны "гэбэшнікі" і міліцыянты вынесьлі з кватэры 3 кампутары, прынтэр, сканэры. Тэхніка мела налепку "Амэрыканскі ўрад". Сканфіскаваныя таксама наклады "Нашай свабоды" і ўся дакумэнтацыя цэнтру "Гарт". Пакункі пагрузілі ў зялёны мікрааўтобус з аблвыканкамаўскімі нумарамі.

Перад тым, як адправіцца ў КГБ на допыт, кіраўнік "Гарту" Сяргей Адзінец паведаміў нашаму радыё пра матывы затрыманьня:

(Адзінец: ) "Сказалі, што распачалі крымінальную справу з нагоды расьпісаных у горадзе сьценаў і быццам бы мы да гэтага маем нейкае дачыненьне. Таксама згадвалі пра нейкае незарэгістраванае выданьне. Якое канкрэтна — не казалі", — паведаміў спадар Адзінец.

Управа КГБ затрымала таксама Сяргея Пасюту, Яўгенію Кірышчанку і Валерыю Нікулінскую.

Яшчэ трох "гартаўцаў" дапытвалі ў міліцэйскім пастарунку Чыгуначнага раёну. Ператрусы ў горадзе зьвязваюць з прызначэньнем і асабістым прыездам адказнага за выбары ў рэгіёне з боку адміністрацыі Лукашэнкі, намесьніка міністра ўнутраных спраў Леаніда Глухоўскага.


XS
SM
MD
LG