Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ Ў МАЛАДЭЧНЕ ПРЫМУШАЛІ РАСПАЎСЮДНІКАЎ НЕЗАЛЕЖНАГА ДРУКУ ПРЫСЯДАЦЬ І АДЦІСКАЦЦА АД ПАДЛОГІ


Алесь Мікалайчанка, Маладэчна

Судзьдзя Алег Лагачоў патлумачыў адмену штрафу на 11400 рублёў, які наклалі на Ігара Вераб'я, тым, што адміністрацыйная камісія не правяла належных экспэртызаў, каб даказаць, што друкаванае выданьне "Зубар" ёсьць газэтай, якая выйшла без выходных зьвестак, а не рэклямнай улёткай ці плякатам. А па-другое, паседжаньне адміністрацыйнае камісіі адбылося болей чым праз два месяцы пасьля затрыманьня хлопца, калі ўжо скончыўся тэрмін даўнасьці.

Між іншым, у судзе прадстаўнік гарвыканкаму юрыст Ярошчык прызнаў, што "адміністрацыйная камісія шмат нахамутала ў гэтым рашэньні". Гэтае прызнаньне выклікала абурэньне пракурора Віталя Юрэвіча. Маўляў, калі адказчык сьведчыць пра свае памылкі, то яму нічога не застаецца, як падтрымаць скаржніка ды ягонага прадстаўніка, юрыста Маладэчанскага аддзяленьня БГК Аляксея Хвосьціка.

Нагадаю, пазаўчора судзьдзя Яўген Казлоў у падобнай сытуацыі таксама скасаваў штраф, накладзены адміністрацыйнай камісіяй на распаўсюдніка "зубраўскіх" выданьняў Зьмітра Лапыцьку.

Аляксей Хвосьцік, камэнтуючы Свабодзе пазыцыю судзьдзяў і пракурораў, сказаў, што сумленным юрыстам Маладэчна надакучыла непрыхаванае незаконнае паляваньне мясцовых міліцыянтаў на распаўсюднікаў апазыцыйнага друку ды некваліфікаваныя дзеяньні адміністрацыйнае камісіі.

Вось і сёньня спадар Хвосьцік падаў у міжрайпракуратуру хадайніцтва аддзяленьня БГК, каб тая выказалася ў сувязі з учорашнім чарговым затрыманьнем міліцыяй двух распаўсюднікаў спэцвыпуску "Нашай свабоды" — 19-гадовага Ігара Сыракваша і няпоўнагадовага Васіля Ціманава.

Ігар Сыракваш распавёў мне пра акалічнасьці гэтага затрыманьня:

(Сыракваш: ) "Міліцыянты не прадставіліся. Заламалі рукі, завялі ва ўчастак. Задавалі пытаньні — хто даваў табе газэты. Я адказаў, што ня ведаю яго, ведаю толькі імя. Білі ў грудзі. Біў разоў пяць малодшы сяржант — даволі высокі, сьветлыя валасы, спартыўнага целаскладу. Атрымліваецца — допыт з прымяненьнем фізычнай сілы. Прымушалі прысядаць, аджымацца", — распавёў Ігар Сыракваш.

Гэтыя факты пацьвердзіў і Васіль Ціманаў.

Начальнік Маладэчанскага гаррайаддзелу міліцыі Сяргей Кухарчык, да якога я сёньня зьвярнуўся, адмовіўся назваць прозьвішчы сяржантаў, што затрымалі хлопцаў, але паабяцаў разабрацца ў сытуацыі.

XS
SM
MD
LG