Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАПОЛАЦКУ АДБЫЎСЯ ЭКАЛЯГІЧНЫ ПІКЕТ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Экалягічная тэма амаль зьнікла са старонак дзяржаўных СМІ, але яна па-ранейшаму застаецца актуальнай, і тыя ж новапалачане, асабліва ўначы і па выхадных днях, вымушаныя дыхаць паветрам, густа замяшаным на серавадародзе, фармальдэгідзе, сярністым ангідрыдзе ды іншых шкодных рэчывах, якія выкідаюць у атмасфэру прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу.

Ці не таму 54% наваполацкіх мужчынаў не дажываюць да пэнсіі, а рост сьмерцяў ад анкахваробаў за апошнія два гады склаў па горадзе 11%? Дадамо, што і водны басэйн у наваполацкіх ваколіцах дарэшты забруджаны: пра тое сьведчыць сёлетняя афіцыйная забарона купаньня ў Дзьвіне і возеры Люхава — месцах масавага адпачынку гараджанаў.

Сёньняшняя акцыя мала нагадвала звычайны пікет. Гэта была своеасаблівая тэатралізаваная дзея. Маладыя эколягі прыехалі на месца ейнага правядзеньня — да гарадзкога Палацу культуры — на "Ікарусе", спрэс залепленым плякатамі кшталту "Змагайся, каб выжыць!", ці "Наваполацк — горад-труна".

Неўзабаве з аўтобусных нетраў, пад гукі жалобнай музыкі, два кАты, што сымбалізавалі тутэйшы нафтахімічны комплекс, вынесьлі ўмоўна памерлага новапалачаніна, і гурма жалобна апраненых дзяўчын усчала пахавальны лямант.

На лямант зьбеглася ці мала людзей, якія навыперадкі пыталіся: "Каго хаваюць?" А даведаўшыся, што гэта ўсяго толькі тэатралізаваная дзея, пасьміхаліся альбо абураліся. Прачытаўшы, аднак, улётку аб стане забруджваньня атмасфэры і воднага басэйну, якія раздавалі ўдзельнікі акцыі, людзі дружна ставілі подпісы пад пэтыцыяй з патрабаваньнем стварэньня ў горадзе незалежнай экалягічнай камісіі і давядзеньня вынікаў яе дзейнасьці да шырокай грамадзкасьці.

XS
SM
MD
LG