Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ 27 ЛІПЕНЯ ЗАБАРАНІЛІ КАНЦЭРТ РОК-ГУРТОЎ


Алег Жукоўскі, Віцебск


Рыхтавала акцыю па даручэньні Віцебскай каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў гарадзкая філія Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада).

Старшыня абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў Аляксей Гаўруцікаў замаўляў у гарвыканкаме сьвяточны мітынг-канцэрт з удзелам беларускіх рок-гуртоў. Але добра ведаючы, як у апошні момант на розных падставах мясцовыя ўлады могуць мерапрыемства забараніць, напісаў у заяве, што калі ў тэрмін, які вызначаны законам, ня будзе станоўчага адказу, то арганізатары правядуць несанкцыянаваную акцыю падчас «Славянскага базару». Дазвол быў атрыманы, аднак сёньня спадара Гаўруцікава запрасілі ў гарвыканкам, дзе кіраўнік адзелу па працы з грамадзкімі арганізацыямі ды інфармацыі насельніцтва спадар Лялькін забараніў выступ музыкаў. Маўляў, гэта палітычнае мерапрыемства, а культурніцкія акцыі павінны праходзіць у іншым месцы.

У выніку замест заплянаванага рок-канцэрту адбыўся звычайны мітынг, на які сабралося каля 150-ці чалавек. Галоўнай тэмай выступаў, акрамя традыцыйных віншаваньняў, была тэма выбараў прэзыдэнта. Усе прамоўцы заклікалі галасаваць супраць чалавека, які завёў краіну ў багну. Асаблівы зварот тычыўся моладзі. Як сказаў лідэр мясцовай філіі Маладога Фронту Віктар Шляхцін, сем гадоў таму 18-гадовыя ўпершыню прагаласавлі за Лукашэнку. Зараз ім 25. Калі Лукашэнка застанеца яшчэ на 5 гадоў, надзеі маладзёнаў будуць згубленыя. Чакаць няма часу.

Мітынг працягваўся менш за паўгадзіны, пасьля чаго арганізатары запрасілі прысутных у начны клюб «Сава», дзе зараз адбываюцца моладзевыя выбары лепшых рок-гуртоў. Юнакі і дзяўчынкі падыходзяць да выбарчых скрыняў з бюлетэнямі, у якіх назвы гуртоў: «Цмокі» і «The Stokes», «Бан Жвірба» і «Happy Face», «Exist&Harley» і іншыя. Пераможцы акцыі «Рок – твой выбар», якую арганізаваў Малады Фронт, атрымалі падарункі і прэміі.
XS
SM
MD
LG