Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІ ГЕЛЬСЫНСКІ КАМІТЭТ ПАПЯРЭДЖВАЕ, ШТО ПРЫЙШОЎ ЧАС РЭАЛЬНАГА ДЗЕЯНЬНЯ ЛУКАШЭНКАВАГА ДЭКРЭТУ №8


Ігар Карней, Менск


Крычаўскую справу пад непасрэдны кантроль узяў Беларускі Гельсынскі камітэт. Выканаўчы дырэктар БГК Алег Гулак сьцьвярджае, што гэта вельмі небясьпечны сыгнал для ўсіх незалежніцкіх структураў: нарэшце напоўніцу пачынае дзейнічаць дэкрэт Лукашэнкі №8: людзей пазбаўляюць абсталяваньня і нават працоўных месцаў на падставе быццам незаконнага выкарыстаньня грошай ад замежных грантаў.

Да таго ж крычаўская справа паўтараецца ў іншых гарадох. Сёньня раніцай у БГК патэлефанавалі з Асіповічаў. Спасылаючыся на восьмы дэкрэт Лукашэнкі, там на кватэры грамадзкай арганізацыі "Кола сяброў" праваахоўчыя органы таксама канфіскавалі аргтэхніку, якая быццам не была засьведчаная ў дэпартамэнце па гуманітарнай дапамозе пры адміністрацыі Лукашэнкі.

Акалічнасьці справы зараз высьвятляюцца, а пакуль я задаў некалькі пытаньняў спадару Гулаку адносна ўчорашняга інцыдэнту ў рэдакцыі крычаўскай газэты "Вольны горад".

(Карэспандэнт: ) "Як можна патлумачыць дзеяньні крычаўскай міліцыі, калі на вышук (а тым болей на арышты) не было нават санкцыі пракурора?"

(Гулак: ) "У дадзеным выпадку нават не пра санкцыі трэба казаць. Сытуацыя з усіх бакоў абсалютна незаконная. Супрацоўнік міліцыі ўварваўся ў пакой; яго не маглі ніяк выгнаць, пакуль ён не пачаў спасылацца на хворае сэрца. А потым прыехала апэратыўная група.

Гэта чыстая правакацыя. У тым офісе знаходзіцца й група назіраньня, і цэнтар падтрымкі Домаша. Усё выкарыстана для таго, каб абвінаваціць людзей у тым, што яны карыстаюцца замежнай дапамогай дзеля падтрымкі Домаша".

(Карэспандэнт: ) "Вяртаючыся да "міліцыянта-закладніка". Ці могуць быць сьведкамі на карысьць гэтай вэрсіі астатнія супрацоўнікі міліцыі, якія потым уварваліся ў памяшканьне?"

(Гулак: ) "Па нашым законе міліцыянты могуць быць сьведкамі. Іхная інфармацыя мае такую ж юрыдычную сілу, як сьведчаньні іншых асобаў. Больш за тое, мы ведаем на практыцы, што менавіта іхным паказаньням суды аддаюць перавагу. Таму, на жаль, я думаю, што там будзе вельмі складаная сытуацыя".

(Карэспандэнт: ) "І цалкам магчыма, што супрацоўнікі рэдакцыі ўрэшце трапяць пад крымінальны артыкул?"

(Гулак: ) "Там ужо крымінальная справа аб пазбаўленьні волі ўзбуджаная, і людзі правялі ноч у пастарунку. Відавочна, што ў якасьці падазраваных яны будуць удзельнічаць у гэтай справе".

Пакуль жа памяшканьне рэдакцыі апячатанае, а супрацоўнікі газэты знаходзяцца ў пастарунку. Пад міліцэйскай вартай таксама аказаліся некалькі тьсячаў падпісных лістоў за Сямёна Домаша. Сёньня ў Крычаве распачаўся суд над затрыманымі ўчора супрацоўнікамі рэдакцыі, якіх праваахоўчыя органы абвінавачваюць у захопе міліцыянта як закладніка.
XS
SM
MD
LG