Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАЎДНЁВЫХ РЭГІЁНАХ МЕНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ НАБЫВАЕ РАЗМАХ ЭКАЛЯГІЧНАЯ КАТАСТРОФА, ВЫКЛІКАНАЯ ЗДАБЫЧАЙ КАЛІЙНЫХ УГНАЕНЬНЯЎ


Алесь Мікалайчанка, Любанскі раён


Як паведаміў намесьнік старшыні калгаса "Будаўнік" Уладзімер Шаплыка, яшчэ адну пяцігодку будынкі вёскі Закальное (яна ў цэнтры гаспадаркі) ня вытрымаюць. Тут усё разбурыцца ўшчэнт.

Я сустрэў спадара Шаплыку блізу сельскага Дома культуры, зачыненага літаральна некалькі дзён таму — будынак зрабіўся аварыйным ад імклівай прасадкі грунту.

(Шаплыка: ) "Дах там лопнуў, усё пацякло, маразы, трэшчыны большаюць. Усё паабвальвалася, разарвала, адышла сьцяна ўсярэдзіне. Разваліцца, канешне, — ідуць падцёкі, усё нахіляецца".

Намесьнік старшыні калгасу "Будаўнік" Уладзімер Шаплыка таксама распавёў, што крыху раней лёс Дома культуры напаткаў будынкі малочнатаварнае фэрмы і вясковага дзіцячага садку.

Мы зайшлі ў памяшканьне былога садку. Тут яшчэ працуе кухня — гатуюць ежу для тых, хто працуе на касьбе. Іншага памяшканьня для гэтага ў калгасе няма. Каля пліты завіхалася жанчына. У нас зь ёю адбыўся вось такі дыялёг:

(Карэспандэнт: ) "Ці не баіцеся , што аднойчы на вас нейкая бэлька зваліцца?"

(Мікула: ) "Чаму ж не баімся? Але дзе ты душу дзенеш — трэба рабіць. Было: я прыбірала, а плітка прама на пол упала перада мной", — зазначыла суразмоўца, якая назвалася загадчыцай калгаснае сталоўкі Галінай Мікулай.

(Мікула: ) "Увогуле тут скора ўсё абваліцца. У нас дамы вунь скора паабвальваюцца", — сказала яна на разьвітаньне.

Вяскоўцы спрабуюць умацаваць сваё жытло, колькі хапае ім на тое сродкаў. Нехта аперазаў сваю хату адмысловым мэталёвым пасам. Нехта на кожны кут насунуў мэталёвы кажух. Але барацьба такімі прымітыўнымі мэтадамі звычайна заканчваецца пройгрышам чалавека. Сыплецца тынкоўка, рвуцца трубы, са стрэхаў зьлятае дранка і шыфэр.

Пэнсіянэрка Ганна Лыскавец часта вымушаная начаваць у сваіх дарослых дзяцей:

(Лыскавец: ) "У мяне хата раскідалася. Яна раскідалася, мае дзеткі. Яшчэ зрабілі, скрапілі гэту сьцяну. А печ пяць разоў раскідала".

Паводле інфармацыі Ўладзімера Шаплыкі, за апошнія гады сышлі ў прасадку больш як сто гектараў ворнай зямлі, якая давала неблагі ўраджай збожжа.

Адміністрацыя "Беларуськалія" наўпрост дапамагаць ня хоча. Праўда, у адміністрацыі аб’яднаньня паведамілі, што летась "Беларуськалій" выдаткаваў Любанскаму, Салігорскаму і Слуцкаму раёнам 10 мільярдаў рублёў экалягічнага падатку ды іншых прыродаахоўчых выплат. Але гэтыя грошы (такое ёсьць у Салігорскім раёне) трапляюць не да тых, хто найбольш церпіць ад працы шахцёраў.

Паводле меркаваньня Надзеі Паўлавай, лідэркі мясцовага экалягічнага аб’яднаньня "Эка", гэтая тэхнагенная катастрофа найперш выкліканая тым, што выпрацоўка калійнай руды была ў свой час распачатая наогул без усялякіх прыродаахоўчых праектаў і папераджальных мераў.
XS
SM
MD
LG