Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЯРЖЫНСКУ МІЛІЦЫЯНТЫ ЗАТРЫМАЛІ АНАТОЛЯ ЛЯБЕДЗЬКУ І ЯШЧЭ НЕКАЛЬКІ АКТЫВІСТАЎ АГП


Ігар Карней, Менск

Я патэлефанаваў Анатолю Лябедзьку з раніцы — у тую хвіліну, калі ён разам зь іншымі актывістамі партыі быў ля дзяржынскага кірмашу. Людзі падыходзілі, разьбіралі спэцвыпуск "Народнай волі", цікавіліся асаблівасьцямі выбарчай кампаніі.

Але літаральна празь некалькі хвілінаў Анатоль Лябедзька ператэлефанаваў і сказаў, што зьявіўся міліцэйскі дэсант (дзесьці 7-8 машын, некалькі міліцыянтаў з сабакамі). Міліцыянты пачалі затрымліваць арганізатараў акцыі. Вось што ўдалося запісаць якраз у часе затрыманьня самога Лябедзькі:

(Лябедзька: ) "Чалавек 20 у форме і цывільным, не прадстаўляюцца…"

(Голас супрацоўніка міліцыі: ) "Мы прадставіліся".

(Лябедзька: ) "Як вашае прозьвішча? Кажа, што Іваноў…"

(Карэспандэнт: ) "Якія канкрэтна абвінавачаньні да вас?"

(Лябедзька: ) "Ніякіх. Не паказваюць і сваіх дакумэнтаў. Але забралі ўсіх: Радзівончыка, Карніенку, Малахава. Відаць, дзеля гэтага сабралася ўсё мясцовае кіраўніцтва. Прыехаў увесь РАУС, увесь КГБ, вэртыкальшчыкі — для іх гэта абсалютная падзея. Замест таго, каб Захаранку, свайго міністра, шукаць, займаюцца вунь чым".

А другой гадзіне ва ўсіх затрыманых узялі пісьмовыя тлумачэньні й папярэдзілі, каб больш у Дзяржынск не прыяжджалі.

Дарэчы, міліцыянт, які ў часе затрыманьня Лябедзькі назваўся Івановым, насамрэч аказаўся блізкім родзічам піянэра-героя Марата Казея. Паводле Лябедзькі, падпалкоўнік Казей увесь час крычаў, пагражаў, а ўрэшце пачаў абвінавачваць актывістаў АГП у тэрарызме, захоўваньні зброі і нават у дачыненьні да нейкіх нераскрытых забойстваў.

Увесь час, пакуль сябраў АГП дапытвалі ў аддзяленьні міліцыі, побач з кірмашом людзі актыўна абмяркоўвалі неадэкватныя дзеяньні міліцыянтаў. Такой дэманстрацыі сілы мясцовыя жыхары ня памятаюць.

Спадар Лябедзька дадаў, што вандроўка ў Дзяржынск стала поўнай супрацьлегласьцю папярэдняй — у Вялейку: тады з разуменьнем да іхнага візыту паставіліся як шараговыя грамадзяне, так і мясцовыя ўлады.
XS
SM
MD
LG