Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАНДАЖЭЎСКІ НЯ КЛЕІЎ СВОЙ ФАТАЗДЫМАК У ЧУЖЫ ПАШПАРТ


Казімер Яноўскі, Гомель

Дабавіў няпраўды ў інтэрвію былы дырэктар, а зараз загадчык аддзелу Гомельскай філіі Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны й эндакрыналёгіі Анатоль Скрабін.

Як паведамляла ўжо Радыё Свабода, прафэсар Бандажэўскі быў затрыманы памежнікамі пяць сутак таму на беларускім аўтапераходзе Новая Гута. Пашпарт быў прад'яўлены на імя грамадзяніна Ўкраіны Івана Крачкі.

Аднак сваёй фатаграфіі на чужы пашпарт прафэсар Бандажэўскі ня клеіў. Фотаздымак Івана Крачкі на пашпарце з шыкоўнымі вусамі, а прафэсар Бандажэўскі ніколі вусоў ня меў. Гэта дае падставу меркаваць пра тое, што альбо для Бандажэўскага рыхтавалі надзейны калідор, які чамусьці не спрацаваў, альбо прафэсар вырашыў сам здацца ў рукі памежнікаў. Ва ўсякім разе, наіўна меркаваць, што разьлік быў на тое, што ніхто на мяжы не заўважыць розьніцы паміж здымкам у пашпарце і асобай Бандажэўскага.

У тым жа выпуску “Тэлепанарамы” загадчык аддзелу радыяцыйнай гігіены Гомельскай філіі Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі Анатоль Скрабін заявіў, што працы прафэсара Бандажэўскага ў галіне радыялёгіі — гэта наогул не навуковыя працы.

Дырэктар філіі Робэрт Пагодзін такой жа думкі:

(Пагодзін: ) "Гэта прафанацыя. Стогадовы вопыт радыяцыйнай мэдыцыны, радыебіялёгіі Бандажэўскі пасылае сабаку пад хвост".

Суразмоўца адмаўляе, што ягонае меркаваньне заснаванае на помсьце прафэсару Бандажэўскаму за тое, што ў траўні 1999 году прафэсар зрабіў пісьмовую выснову пра марнасьць расходаваньня філіялам Інстытуту бюджэтных грошай. Выдаткавалі былі вялікія сродкі, а навуковых вынікаў няма.

Трэба думаць, што хутка ўлады паспрабуюць праз розныя камісіі абвергнуць высновы прафэсара Бандажэўскага пра згубныя наступствы радыёцэзія на сыстэмы жыцьцядзейнасьці чалавека.

Прынамсі, жонка прафэсара кандыдат мэдычных навук Галіна Бандажэўская паведаміла, што рэспубліканскі Інстытут кардыялёгіі накіроўвае ў Гомель свайго супрацоўніка, спадара Лазюка шукаць абвяржэньні на кнігу арыштаванага прафэсара “Радыецэзій і сэрца”.

Яшчэ адзін прадстаўнік Менскага мэдычнага інстытуту, кандыдат мэдычных навук спадар Чучка ўзначаліць камісію па дасьледаваньні высноваў навукоўцаў Гомельскага мэдінстытуту ў галіне пэдыятрыі.

Падобна на тое, што вырашэньне чарнобыльскіх праблем улады ўбачылі ў змаганьні з прафэсарам Бандажэўскім.

Гэтак у савецкі час змагаліся з “буржуазнай” навукай генэтыкай.
XS
SM
MD
LG