Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЕЖНІКІ НЕ ПУСКАЮЦЬ АДВАКАТА ДА ПРАФЭСАРА БАНДАЖЭЎСКАГА


Казімер Яноўскі, Гомель


Каб ня даць магчымасьці адвакату Баранаву сустрэцца з прафэсарам Бандажэўскім, гомельскія памежнікі забралі арыштаванага прафэсара з ізалятара часовага ўтрыманьня абласной управы міліцыі да сябе ў атрад.

Памежнікам прыйшлося нават дзеля гэтага тэрмінова абсталяваць свой уласны ізалятар — пэрсанальна для Бандажэўскага і двух грамадзянаў Украіны, спадароў Усаценкі й Кузьняцова.

Цяпер памежная служба адсылае адваката Баранава назад да пракурора вобласьці Алега Палавінкі. Маўляў, ён выпісаў дазвол у міліцэйскі ізалятар, а затрыманы Бандажэўскі знаходзіцца ў памежным атрадзе. Да таго ж у допуску пракурор не ўказаў, паводле якой справы дазволеная сустрэча. Вайсковая калегія судзіць Бандажэўскага за хабарніцтва, а памежнікі трымаюць за спробу перасячы мяжу па чужым пашпарце.

Жонка арыштаванага прафэсара Галіна Бандажэўская і адвакат Баранаў згадваюць, што акурат такая гульня вялася два гады таму між праваахоўчымі органамі, калі Юр'я Бандажэўскага ўпершыню пасадзілі за краты.

Аляксандар Баранаў у гэтай сувязі накіраваў скаргу генэральнаму пракурору Віктару Шэйману, каб той забясьпечыў прафэсару гарантаванае Канстытуцыяй права на юрыдычную дапамогу.

Кіраўнік службы дазнаньня памежнікаў падпалкоўнік Верхавец стаіць на сваім:

(Верхавец: ) "Я не магу даць дазволу на сустрэчу Бандажэўскага з адвакатам у той справе, якая знаходзіцца ў мяне ў распрацоўцы. Гэта поўны абсурд. Дый хто сказаў адвакату, што яго хоча бачыць Бандажэўскі? Заявы ад прафэсара на маё імя не было".

Між тым, арыштаваны прафэсар можа атрымаць ня толькі адміністрацыйнае пакараньне ў выглядзе буйнога штрафу за спробу перасячы мяжу па чужым пашпарце. Артыкул 371 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае за гэта і пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. У праваахоўчых органаў сапраўды зьявілася мажлівасьць пакараць прафэсара Бандажэўскага, калі не за хабарніцтва, то, прынамсі, за незаконнае перасячэньне мяжы.

Крымінальнае пакараньне могуць атрымаць і два затрыманых грамадзяніна Ўкраіны. Праўда, у гэтым выпадку трэба даказаць, што дзейнічала арганізаваная групоўка.

Дарэчы, дарадца ўкраінскай амбасады ў Беларусі Станіслаў Удавенка, які ўчора ў Гомелі ўручаў вэтэранам ад імя прэзыдэнта Леаніда Кучмы мэдалі за вызваленьне Ўкраіны, катэгарычна адмовіўся камэнтаваць інцыдэнт на мяжы з удзелам двух сваіх суайчыньнікаў.
XS
SM
MD
LG