Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У ВІЦЕБСКУ ПАПЯРЭДЗІЎ МАЛАДАФРОНТАЎЦАЎ


Алег Жукоўскі, Віцебск


Акцыя адбылася якраз два месяцы таму, 5 красавіка. Спадарства Корбан, Смолікаў і Шляхцін выказалі пратэст супраць незаконнага пакараньня лідэра БНФ "Адраджэньне" Вінцука Вячоркі і Алеся Бяляцкага за ўдзел у традыцыйным маршы на 25 Сакавіка.

Тры маладафронтаўцы выйшлі зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатамі на цэнтральную вуліцу гораду да тэатру. Адначасова распаўсюджвалі адпаведныя ўлёткі. Недзе праз гадзіну да іх падышлі супрацоўнікі патрульнай службы і пад высока ўзьнятым сьцягам з разгорнутымі плякатамі праз цэнтар места павялі іх у пастарунак.

Першае паседжаньне мусіла быць учора, але позву поштай атрымаў толькі адзін удзельнік, таму суд перанесьлі на адзін дзень. Сёньня нарэшце паседжаньне адбылося. Шляхцін зьявіўся на яго добраахвотна, бяз позвы.

Грамадзкі абаронца юрыст Аляксей Гаўруцікаў зьвярнуў увагу судзьдзі Афанасьевай на тое, што канфіскацыя атрыбутаў акцыі незаконная, бо гістарычны сьцяг забараніць немагчыма. Да таго ж, сьцяг быў выраблены дзяржаўным прадпрыемствам, таму ня лічыцца самаробным. А зьмест плякату не накіраваны на шкоду канстытуцыйнаму ладу, грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў.

Спадарыня Афанасьева была вымушаная з гэтым пагадзіцца, і пікетоўцы пасьля атрыманьня на рукі рашэньня суду маюць магчымасьць зьвярнуцца ў Кастрычніцкі РАУС па канфіскаваныя сьцяг і плякаты.

Улічваючы, што спадары Корбан, Шляхцін і бацька двох дзяцей Смолікаў ня маюць сталай працы і першы раз прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасьці, судзьдзя Аксана Афанасьева вырашыла ўсіх трох папярэдзіць.
XS
SM
MD
LG