Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІТРАПАЛІТ ФІЛАРЭТ СТАЎ ГАНАРОВЫМ ДОКТАРАМ МЭДЫЦЫНЫ Ў ГОРАДНІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Рэктар унівэрсытэту Пётар Гарэлік абгрунтаваў даволі незвычайны выбар асобы для ўзнагароджаньня наступным чынам — у Жыровіцах існуе чацьвертая па ліку вышэйшая навучальная ўстанова вобласьці, праваслаўная духоўная акадэмія. А паміж выкладчыкамі і студэнтамі акадэміі і мэдунівэрсытэту навязаныя сувязі, прайшла супольная канфэрэнцыя з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта. Сам жа Філарэт, кажуць, выбітны вучоны і выдатны грамадзкі дзеяч.

Затым зачыталі доўгі сьпіс пасадаў, званьняў і ўзнагародаў Філарэта. Пры канцы ён сказаў, што яму было няёмка слухаць гэты сьпіс і папрасіў прабачэньня.

Зь сьпісу было бачна, што за савецкім часам Філарэт карыстаўся немалым даверам уладаў, рана і хутка пачаў рабіць кар'еру. Аднак званьнем доктара "honoris causa" яго адзначалі толькі багаслоўскія факультэты. У 1990-я гады Філарэт зрабіўся ганаровым доктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.

Сёньня ж Філарэту разам з дыплёмам ганаровага доктара ўручылі мантыю і мэдаль — "за заслугі перад мэдунівэрсытэтам". У паўгадзінавай прамове з алюзіямі на Біблію Філарэт зьвязаў дзейнасьць сьвятароў з доктарскай, асабліва што датычыць лекаваньня псыхічных захворваньняў. Філарэт цытаваў эвангеліста Луку, які паводле паданьня быў доктарам.

Госьць прэзэнтаваў унівэрсытэцкай бібліятэцы гісторыю Расейскай праваслаўнай царквы. Рэктар папрасіў у мітрапаліта тэкст дакладу, каб выдаць яго для студэнтаў. Філарэт адказаў: "Перадаю, не адыходзячы ад касы", што выклікала сьмех у залі.

Мэдунівэрсытэт і мясцовая праваслаўная япархія маюць нявырашанае пытаньне. Рэзыдэнцыі япіскапа адведзенае месца ў будынку, які належыць унівэрсытэту. Япархія ня супраць займець увесь будынак, бо 100 гадоў таму камяніца была аддадзеная япархіі. Гэта былы палац каралеўскага адміністратара, пабудаваны больш за 200 гадоў таму, за часам Рэчы Паспалітай, калі Горадня была ў межах каралеўскай эканоміі.
XS
SM
MD
LG