Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ГОМЕЛЬСКІЯ ДЭЛЕГАТЫ НА ТАК ЗВАНЫ УСЕБЕЛАРУСКІ СХОД ДАСТАЛІ НАПЯРЭДАДНІ КАШТОЎНЫЯ ПАДАРУНКІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Адказныя асобы з аблвыканкаму моцна панэрваваліся, перш чым дамагчыся разьмяшчэньня сваіх вылучэнцаў у сталічных гатэлях "Беларусь", "Плянэта" і "Юбілейны". Адміністрацыя Лукашэнкі накіроўвала была гамельчукоў у спарткомплекс Стайкі, што за 10 кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад сталіцы. Урэшце дэлегатаў уладкавалі.

Перад адпраўкай у Менск дэлегаты атрымалі падарункі коштам на 50 тысячаў рублёў кожны. Мужчынам далі электрабрытвы фірмы "Браўн", а жанчыны прэзэнтавалі прасы й патэльні з тэфлёнавым пакрыцьцём.

Аднак, бадай, найскладаней было падрыхтаваць выступоўцаў на народны сход. Тэксты "фільтравалі" ў аддзеле інфармаваньня насельніцтва ды ў іншых структурах аблвыканкаму. І невыпадкова.

Напачатку з адміністрацыі паступіла каманда падрыхтаваць 7 выступоўцаў. Таму, напрыклад, ад сельскай гаспадаркі рэгіёну рыхтавалі тэксты для двух Аляксандраў — старшыні калгасу "Савецкая Беларусь" Рэчыцкага раёну Аляксандра Канякіна і для мэханізатара калгасу "Перамога" Кармянскага раёну Аляксандра Уткіна.

Працавалі над іхнымі выступамі спэцыялісты аблсельгасхарчу са згаданага ўжо аддзелу інфармаваньня насельніцтва. Далучыўся нават намесьнік старшыні аблвыканкаму па сельскай гаспадарцы Алег Акушка.

Але літаральна ўчора са сталіцы прыйшла ўстаноўка пасунуць абодвух аграрнікаў, а замест іх даць слова дырэктарцы школы з Жыткавічаў Ганьне Друк. Сапраўды, што могуць сказаць на сходзе вяскоўцы, калі даўгі ўсіх 400 калгасаў і саўгасаў Гомельшчыны перавысілі 240 мільёнаў рублёў.

Сярод выступоўцаў апроч дырэктаркі школы нібыта пакінулі яшчэ двох гомельскіх дэлегатаў — старшыню Веткаўскага райвыканкаму Аляксандра Баранава і рабочую кандытарскай фабрыкі з Нароўлі Вольгу Карповіч.

Раённы "вэртыкальнік" распавядзе пра неабходнасьць завяршэньня газіфікацыі чарнобыльскіх вёсак, заўважце — да 2005 году. Рабочая, апроч згадкі пра кадравую праблему ў засыпанай радыяцыяй Нароўлі, павінна падзякаваць Лукашэнку за 500 мільёнаў рублёў крэдытаў на падтрыманьне асноўных фондаў сваёй фабрыкі.

Пакуль невядома, ці атрымаюць слова на сходзе віцэ-прэм'ер Генадзь Навіцкі, міністры Ганчарэнка , Скорбеж ды іншыя 12 высокіх сталічных чыноўнікаў, якіх вобласьць па разнарадцы "зверху" вылучыла на "народны сход".
XS
SM
MD
LG