Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ НАРЭШЦЕ ДАДУМАЛІСЯ КАНТРАЛЯВАЦЬ СТАН РАДЫЯЦЫІ Ў МЕСЦАХ ДЫСЛЯКАЦЫІ ПАМЕЖНІКАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Радыяцыйнае дасьледаваньне распачалі сёньня з памежнага пункту пропуску Новая Рудня ў Ельскім раёне. Сюды разам з памежнікамі мазырскай камэндатуры прыехалі спэцыялісты зь Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, Беларускай гідрамэтэаралёгіі і маніторынгу прыроднага асяродку.

Штабісты называюць гэтую акцыю "сумеснымі вучэньнямі". Да канца тыдня падразьдзяленьні радыяцыйнай і хімічнай выведкі дасьледуюць таксама памежныя кантрольныя пункты ў Славечне, Аляксандраўцы, Камарыне і базу вартавых катэраў у Лоеве.

З дапамогай гелікоптэра правераць таксама паветраную прастору на мяжы з Чарнобыльскай атамнай станцыяй.

Асаблівая ўвага надаецца радыяцыйнаму дасьледаваньню месцаў дысьлякацыі памежных дазораў у забруджаных зонах — на так званай зялёнай мяжы. Тут, як і на стацыянарных пунктах, патрэбная дэзактывацыя — інакш вайскоўцы па-ранейшаму будуць атрымліваць дадатковае апраменьваньне.

Распавядае камандзір Гомельскага атраду памежнікаў палкоўнік Віктар Бутранец:

(Бутранец: ) "У зоне адчужэньня яўных спробаў перасячэньня мяжы нелегаламі мы пакуль ня выявілі. Аднак ёсьць інфармацыя, што забруджаныя тэрыторыі разглядаюць зараз як магчымыя калідоры для нелегальнай міграцыі на Ўкраіну, а адтуль — у Беларусь. Таму мы вымушаныя ўзмацняць мяжу ў забруджаных раёнах".

Што да кантролю за ўнутраным апраменьваньнем асабовага складу памежнікаў, то атрад, са словаў камандзіра, ня мае адпаведнай мэдычнай апаратуры. Летась, упершыню за ўсе гады існаваньня мяжы, памежная служба атрымала індывідуальныя дазімэтры для вымярэньня вонкавага апраменьваньня, якое складае ад унутранага прыкладна чацьвертую частку.
XS
SM
MD
LG