Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ Ў НЯДЗЕЛЮ МАЛАДЫ ФРОНТ ВЫВЕСІЎ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СЬЦЯГІ, АДБЫЎСЯ ПІКЕТ І ЗАТРЫМАНЬНІ


Алег Жукоўскі, Віцебск


Так званы дзень сьцяга і герба пачаўся ў горадзе з таго, што працаўнікам жыльлёва-камунальных службаў прыйшлося здымаць разьвешаныя Маладым фронтам уначы ў людных месцах гораду чатыры бел-чырвона-белыя сьцягі. Апошні зь іх ля “Паўднёвага” рынку быў зьняты, калі ўжо актыўна вёўся нядзельны гандаль.

Прыкладна а 17 гадзіне больш за тузін маладафронтаўцаў правялі прысьвечаны гэтаму “дзяржаўнаму сьвяту” пэрфоманс. Ля пляцу Перамогі паміж грамадзкімі прыбіральнямі былі ўстаноўленыя два барвяна-зялёныя сьцягі з паперы ў выглядзе захаду сонца над балотам, на адным зь якіх былі намаляваныя чэрап і косткі, а на другім – выява чалавека, падобнага да Лукашэнкі, які ўзьдзеў угару рукі і нібы топіцца сярод жабаў у багне. Перфоманс працягваўся каля трыццаці хвілін, але міліцыянтамі заўважаны ня быў. Чаго нельга сказаць пра несанкцыянаваны збор подпісаў у падтрымку беларускай ці лукашэнкаўскай сымболікі.

Пікет праходзіў у самым цэнтры гораду і адразу сабраў натоўп людзей. Тры сябры АГП – Ірына Байдак, Натальля Завадзкая і Сяржук Аксімовіч, а таксама Юрась Сьцяпанаў і Эдуард Бохан, які спэцыяльна прыехаў зь Менску, пад двума сьцягамі – бел-чырвона-белым і сучасным афіцыйным – разгарнулі вялізны плякат з паперы, на якім з аднаго боку была выява нацыянальнага сьцяга і герба Пагоня, а з другога – сымбалі першага прэзыдэнта. Пытаньне “Якую сымболіку вы лічаце сваёй?” запрашала мінакоў паставіць свой подпіс. За дваццаць пяць хвілінаў, да моманту, пакуль пікетоўшчыкаў не забралі міліцыянты, лік подпісаў склаўся 36: 11 на карысьць бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні. Пад імі падпісвалася ў першую чаргу моладзь, але былі людзі і сталага ўзросту. Пры гэтым добраахвотныя назіральнікі з шэрагаў улюбёнцаў у сучасны герб і сьцяг строга кантралявалі хаду выбараў.

Неўзабаве зьявіўся малады сяржант, які выклікаў на дапамогу двух маёраў. Ірыну Байдак, Натальлю Завадскую і Эдуарда Бохана адвезьлі ў Чыгуначны РАУС, дзе склалі пратаколы затраманьня і канфіскацыі атрыбутаў акцыі. Адпусьцілі іх праз дзьве з паловай гадзіны, загадаўшы заўтра а дзявятай зьявіцца ў суд. Але позвы выпісаныя не былі.

Цяжэй за ўсіх прыйшлося Эдуарду Бохану, які здаў пашпарт на прапіску і рызыкаваў, як яму абяцаў у пастарунку маёр Лемеш, сесьці ажно на тры месяцы за бадзяжніцтва. Але кіраўнік міліцыі ў справе падтрымкі грамадзкага парадку падпалкоўнік Марзавін хлопца, якому ужо загадалі выцягваць з абутку шнуркі, усё ж адпусьціў.
XS
SM
MD
LG