Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ АКЦЫІ БЫЛІ ЗАБАРОНЕНЫЯ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць


Улады Мазыру, Рэчыцы і Сьветлагорску з розных надуманых прычынаў не далі лідэрам дэмакратычных суполак наладзіць сёньня жалобныя мітынгі.

Нягледзячы на забарону, а 18-й гадзіне ў Мазыры мясцовыя актывісты правялі ля каплічкі насупраць гарвыканкаму гадзіну смутку па ахвярах Чарнобылю. Было шмат міліцыянтаў і людзей у цывільным, але людзі запалілі сьвечкі і ўсклалі да каплічкі кветкі. Міліцыянты ўсё здымалі на стужку. Акцыю завершыў вокліч "Я хачу жыць — жыве Беларусь!"

У Калінкавічах і Рэчыцы сябры АГП, БНФ, Маладога Фронту раздавалі гараджанам мясцовыя і сталічныя няўрадавыя выданьні з матэрыяламі пра 15-я ўгодкі Чарнобылю.

У Гомелі каля 200 гараджанаў нягледзячы на моцны дождж прыйшлі ў сквэр па вуліцы Савецкай і таксама правялі гадзіну смутку. Сваё стаўленьне да сумнай даты выказала Галіна Бялова:

(Бялова: ) "Ведаеце, у мяне расьце дачка. Мяне турбуе ейнае здароўе, я ня ведаю, што зь ёю будзе далей. Ёй жыць на гэтай зямлі, у нас харчы вельмі брудныя. Жывем заўжды тут, выяжджаць нам няма куды. Я працую ў школе і бачу чарнобыльскіх дзяцей. Многія дзеці хварэюць".

Міліцыя нікога не затрымала, нават юнака зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах.
XS
SM
MD
LG