Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЫХОДЗІЦЬ КІРАЎНІК ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ВАЙЦЯНКОЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Заяву аб звальненьні з пасады старшыні аблвыканкаму 53-гадовы Мікалай Вайцянкоў падаў кіраўніку дзяржавы два тыдні таму. Афіцыйна, паводле стану здароўя. Апошнім часам спадар Вайцянкоў сапраўды знаходзіўся на лячэньні ў абласным шпіталі, у 1988 годзе ён наагул перанес складаную нэйрахірургічную апэрацыю.

Кар’ера Вайцянкова амаль цалкам зьвязаная з Гомельшчынай. За часамі камуністаў ён узьняўся тут да пасады сакратара абкаму партыі па сельскай гаспадарцы, падчас чарнобыльскай аварыі спраўна праводзіў палітыку партыі ў вытворчасьці сельгаспрадукцыі на заражаных тэрыторыях. Калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, абласную вэртыкаль даверылі дырэктару шклозаводу Паўлу Шыпуку. Новы кіраўнік дзяржавы як бы паказваў электарату абяцаныя перамены, да таго ж распаўсюджаным было меркаваньне, што Лукашэнка не дараваў Вайцянкову таго, што апошні ня толькі не падтрымліваў яго на выбарах, але й не пагадзіўся нават сустрэцца зь ім як кандыдатам у прэзыдэнты. Праўда меркаваньне гэта разьвеялася, калі ў хуткім часе спадара Вайцянкова прызначылі паслом у Чэхію. У студзені 1997 году, пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму і прызначэньня Паўла Шыпука сьпікерам верхняй палаты так званага парлямэнту, Лукашэнка вярнуў Мікалая Вайцянкова ў крэсла старшыні аблвыканкаму. Былі, відаць, спадзяваньні, што новаму старому прызначэнцу ўдасца паўплываць у лепшы бок на эканамічную сытуацыю ў рэгіёне. Аднак цуду не адбылося.

Гэта, дарэчы, пацьвердзіла і сёньняшняе паседжаньне аблвыканкаму, дзе абмяркоўваліся вынікі працы сёлета. Спадар Вайцянкоў выказаў, нават, апасеньне, што ў бліжэйшае дзесяцігодзьдзе Польшча можа выціснуць на харчовым рынку мясцовых вытворцаў прадукцыі. Ня вырашаныя і чарнобыльскія праблемы. Праз 15 гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы больш за 2000 сем’яў усё яшчэ чакаюць на перасяленьне з заражаных тэрыторыяў.

Што ж да пераемнікаў Вайцянкова, то найбольш верагодным называюць кандыдатуру Аляксандра Якабсона, старшыні гарвыканкаму Гомелю. Прызначэньне з удзелам Лукашэнкі чакаецца акурат напярэдадні 15-х угодкаў Чарнобылю.
XS
SM
MD
LG