Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПІНСКУ З ВНУ АДЛІЧЫЛІ ПАЛІТЫЧНА АКТЫЎНАГА СТУДЭНТА


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Загад №124 гаворыць, што студэнт IV курсу дзённага навучаньня па спэцыяльнасьці "Правазнаўства" Вадзім Макееў адлічваецца за пропускі заняткаў бяз важкіх прычынаў з 1 красавіка 2001 году. Сам жа загад датаваны 9 красавіка. Выходзіць, студэнт Макееў прапусьціў больш як 30 неабходных дзеля адлічэньня з інстытуту гадзін за 9 дзён, калі лічыць і выходныя.

Гаворыць дырэктар пінскай філіі Інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва Валер Савінаў:

(Савінаў: ) "Больш як 30 гадзінаў пропускаў — адлічаем. Я Макеева папярэдзіў. Я яму кажу: Вадзім, дарагі, калі набярэцца больш як 30 гадзінаў пропускаў, дык мы цябе адлічым. Вось і адлічылі за пропускі, ды яшчэ й бяз важкай прычыны".

Спадар Савінаў адзначыў, што вучыцца Вадзім добра і адлічэньне не зьвязанае ні з вучобай, ні з палітычнай дзейнасьцю Макеева — гэта, маўляў, ягоныя асабістыя справы.

Аднак жа Вадзім Макееў кажа, што менавіта палітычныя погляды ды сталы ўдзел у апазыцыйных акцыях ёсьць падставамі для ягонага перасьледу. Аднойчы яго затрымалі міліцыянты за распаўсюд налепак, а напярэдадні адлічэньня яго выклікалі ў гарадзкое ўпраўленьне КГБ, дзе выпытвалі — ці не належыць ён да незарэгістраванай арганізацыі "Белы легіён".

(Макееў: ) "Я лічу, што гэтае адлічэньне, якое распачаў дэканат з фармулёўкай "за пропускі" насамрэч ёсьць перасьледам студэнцтва. Гэткае адбываецца ў інстытуце не ўпершыню. Напярэдадні яны спрабавалі адлічыць сяброў Згуртаваньня беларускіх студэнтаў, мяне летась спрабавалі выгнаць перад выбарамі. Таму гэта непрыхаваны перасьлед студэнтаў, якія маюць свае погляды на цяперашнюю сытуацыю ў краіне".

Цікава, што напярэдадні Вадзім правяраў журнал сваёй групы — неабходнай колькасьці пропускаў ён не пабачыў. А калі выдавалі выпіску з загаду пра адлічэньне, журнал яму паказаць адмовіліся.

Студэнт Макееў зьвярнуўся па абарону сваіх правоў у Пінскае аддзяленьне Беларускага Гельсынскага камітэту.

Сёньня апоўдні, нягледзячы на загад пра адлічэньне, Вадзім Макееў прыйшоў на заняткі. Дырэктар Савінаў запатрабаваў, каб той здаў студэнцкі білет.
XS
SM
MD
LG