Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КВАТЭРНЫ КАНФЛІКТ У ЖОДЗІНЕ З ПАЛІТЫЧНАЙ АФАРБОЎКАЙ


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Гэтую сям’ю, у якой двое дзяцей, на вачох тысячнага натоўпу выдалялі з будынку мясцовыя судовыя выканаўцы, байцы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і міліцыянты.

Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якіх ачольвала намесьніца старшыні суполкі Іраіда Міско, правялі пікет пад лёзунгамі "Рукі прэч ад сям’і Папельскіх!" і "Спыніць бяспраўе!"

Наверсе пяціпавярховага дому №14 сям’я Папельскіх зачынілася ў аднапакаёвай кватэры й забарыкадавала дзьверы мэбляй. Яны лічаць, што гэты ведамасны дом БелАЗу, куды іх пасялілі яшчэ за савецкім часам, адміністрацыя аўтазаводу і Жодзінскі гарвыканкам перарабілі на інтэрнат незаконна. Гэта было два гады таму, а потым тут распачалі капітальны рамонт.

Натуральна, сям’і трэба было перасяляцца. Аднак Папельскія, якія жылі ў аднапакаёўцы, запатрабавалі кватэру на сям’ю з чатырох чалавек. Яны спрабавалі адстаяць свае правы праз суд, аднак суды, што цягнуліся тры гады, скончыліся на карысьць кіраўніцтва БелАЗу. Вырак быў — перасяліць пазоўнікаў у іншы заводзкі інтэрнат. Вось чаму Пятро і Алена Папельскія сёньня адважыліся на супраціў.

На ўсе ўгаворы судовых выканаўцаў Алена Папельская адказвала прыкладна так:

(Папельская:) "Я вам сказала: балён газу й каністра газы — і ўсё паляціць у паветра. Ніякая скаціна мяне адсюль ня вышыбе".

Тымчасам у двары дому стаў зьбірацца натоўп жодзінцаў. Людзі падтрымлівалі Пятра Папельскага:

(Галасы: ) "Пеця! Мы з табой! Пеця, не здавайся!"

Да жодзінцаў прамаўляла Іраіда Міско:

(Міско: ) "Пакуль у нас у Беларусі ня будзе беларускага ўраду, пакуль мы, беларусы, не зразумеем, што гэта наша зямля, Богам дадзеная, нічога добрага не чакай. Сёньня вы ўбачылі, каму гэтая ўлада служыць".

Урэшце пажарнікі, міліцыянты й судовыя выканаўцы апоўдні ўзялі штурмам кватэру №19 і перашкодзілі Пятру Папельскаму зьдзейсьніць акт самаспальваньня. А жодзінская міліцыя, увага якой была адцягнутая канфліктам з Папельскімі, удзельнікаў пікету не затрымала.
XS
SM
MD
LG