Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРАНАВІЧАХ СЯБРЫ КХП БНФ ПРАВЯЛІ ПІКЕТ “ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ"


Алесь Горбач, Баранавічы


Арганізатарамі акцыі былі сябры КХП БНФ Марына Філімоненка і Галіна Багдановіч. Менавіта яны падалі заяву ў гарвыканкам. Пікет праходзіў у маладым парку і быў прымеркаваны да пяцігодзьдзя падпісаньня саюзнай дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй. Паколькі пікет меў антыінтэграцыйную накіраванасьць, дык і адпаведнымі былі лёзунгі: “Не дазволім акупаваць Беларусь!”, “Незалежнасьць Беларусі – гарант будучыні”, “Беларусь – мая зямля”, “Жыве Беларусь!”. Цэнтральнае месца сярод лёзунгаў займала цытата зь ліста з-пад шыбініцы Кастуся Каліноўскага: “Бо з-пад шыбеніцы маскоўскай кажу табе, народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе”.

Падчас акцыі, у якой бралі ўдзел каля 20 чалавек, раздаваўся бюлетэнь Беларускага вызвольнага руху “Беларуская салідарнасьць”, а таксама ліст Зянона Пазьняка да беларусаў пад назвай “Асьцерагайцеся чарцей з табакеркі”.

За акцыяй назіралі чыноўнік з гарвыканкаму і група міліцыянтаў. Апошнія ня ўмешваліся, бо ўсё прайшло зладжана і спакойна.
XS
SM
MD
LG