Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ – УЛЁТКІ, ПІКЕТЫ, ЗАТРЫМАНЬНІ, СУДЫ


Браніслава Станкевіч, Віцебск


Сябры КХП БНФ Пётар Сарапеня, Ян Талпыга, Руслан Салаўян ды Ігар Марозаў былі затрыманыя ў ноч на 1 карсавіка за распаўсюджваньне супрацьінтэграцыйных улётак. Улёткі з надпісам “Абаронім бацькаўшчыну ад расейскіх акупантаў” ды іншымі падобнымі былі заўважаныя міліцэйскім патрулём спачатку на сьценках і слупах у Кастрычніцкім раёне, а потым знойдзеныя ў сумках чатырох, на думку міліцыянтаў, “падазроных” людзей. Апазыцыянэраў прывезьлі ў пастарунак, склалі пратакол і канфіскавалі ўлёткі. Вынікам гэтых начных падзеяў можа стацца неўзабаве судовае разьбіральніцтва.

Затое цалкам беспакарана правяла сваю акцыю тутэйшая моладзевая суполка Аб’яднанай грамадзянскай партыі. З 15 да 18 гадзіны 1 красавіка яны таксама распаўсюджвалі ўлёткі, віншуючы віцяблянаў зь днём уяўнага славянска-афрыканскага аб’яднаньня, якое гарантуе грамадзянам навучаньне на славянска-афрыканскай мове, службу ў славянска-афрыканскім войску ды іншыя жаротоўныя выгоды, цалкам пазнавальныя ў рэальным жыцьці.

А вось сапраўдныя і сур’ёзныя вынікі беларуска-расейскага аб’яднаньня адчулі сёньня на сабе сябры Моладзевай экалягічнай ініцыятывы. За правядзеньне несанкцыянаванага пікету Ірыне Байдак і Эдуарду Бохану было абвешчана папярэджаньне, а Сяргею Аксімовічу прысуджаны штраф у памеры 150 мінімальных заробкаў, што больш як 650 даляраў ЗША. Гэткім вынікам скончыўся 2 красавіка судовы працэс у Кастрычніцкім раённым судзе па факце несанкцыянаванага моладзевага пратэсту супраць будаўніцтва пад Віцебскам нафта-перапрацоўчага заводу на грошы расейскіх бізнэсоўцаў.
XS
SM
MD
LG