Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ДАМАГЛІСЯ ПАНІЖЭНЬНЯ РАСЦЭНАК ЗА РЫНКАВЫЯ ПАСЛУГІ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў


Сёньня раніцай барысаўцы, якія прыйшлі на Новабарысаўскі рынак, пабачылі апусьцелыя намёты ды сход гандляроў пад адкрытым небам. Сход колькасьцю ўдзельнікаў ды эмацыйнасьцю выступаў нагадваў мітынг.

Дырэктарка рынку Людміла Гайдук, што была на сходзе, пачула ад камэрсантаў шмат крытычных заўваг на свой адрас і на адрас Гарпрамгандлю. Яны казалі пра тое, што Новабарысаўскі рынак ня гэткі ўжо добраўпарадкаваны, каб камэрсанты штодня плацілі па 2 500 рублёў. Новабарысаўскі кепска заасфальтаваны, няма мэдычнага пункту, сталоўкі ды нават прыстойнай прыбіральні.

Як паведамілі камэрсантам спадарыня Гайдук і старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Барысава Ігар Леднік, іхныя перамовы пра ўсе гэтыя праблемы з кіраўніцай Гарпрамгандлю Валянцінай Конанавай учора ўвечары завяршыліся кампрамісам.

Гэта можна лічыць посьпехам камэрсантаў. Так, прынялі рашэньне паменшыць новыя цэны за карыстаньне ўсімі рынкавымі паслугамі прыкладна на 1 000 рублёў.

Пры канцы мітынгу Ігар Леднік прапанаваў калегам, якія зараз тэхнічна гатовыя гандляваць, распачаць гандаль. Канца мітынгу нецярпліва чакалі пакупнікі. Свабодзе спадар Леднік сказаў:

(Леднік: ) "Сёньняшні посьпех — гэта прамежкавая перамога. Канчаткова пераможам, калі гарадзкія ўлады адмовяцца ад пабораў з прадпрымальнікаў. Тарыфы за рынкавыя паслугі ня мусяць прывязвацца да мінімальнага заробку, які ўвесь час расьце. Расцэнкі мусяць быць цьвёрдыя, толькі раз на месяц варта папраўляць з прычыны інфляцыі".
XS
SM
MD
LG