Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁЗУНГ БАРЫСАЎСКАГА КЛЮБУ ВЫБАРШЧЫКАЎ – «НА ВЫБАРЫ Ў «ПАЛАТУ ПРАДСТАЎНІКОЎ» – НІ НАГОЙ!»


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Сёньня раніцай па паштовых скрынях барысаўцаў раскідалі ўлёткі, дзе напісана: "Барысаўцы, не дамо падмануць сябе чарговы раз! Наш лёзунг: на выбары — ні нагой! Нельга сёньня маўчаць, калі ўлада адкрыта плюе нам у твар".

Барысаўскі клюб выбаршчыкаў тлумачыць, што да такой высновы ён прыйшоў мінулай суботай. Тады акруговая камісія адмяніла рэгістрацыю кандыдатам на дэпутата галоўнага рэдактара незалежнага грамадзка-палітычнага тыднёвіка "Барысаўскія навіны" Анатоля Букаса.

Улётка кажа, што тое самае ўчынілі ў студзені і ў лютым яшчэ да сямі канкурэнтаў гэтага кандыдата, у тым ліку да вядомых у горадзе і ў вобласьці дэмакратычных грамадзкіх дзеячоў і бізнэсоўцаў — Марголіна, Шчарбініна й Ледніка.

Такім чынам, робіць выснову Барысаўскі клюб выбаршчыкаў, кіраўнікі мясцовай вэртыкалі расчысьцілі месца тром выгодным сабе кандыдатам — камуністычнаму актывісту, дырэктару школы і палкоўніку, намесьніку камандзіра тутэйшай вайсковай часткі па выхаваўчай працы.

Як жа ў Барысаве акруговая камісія здымае дэмакратычных кандыдатаў з выбарчае дыстанцыі? Тлумачыць Анатоль Букас:

(Букас: ) "Мне закідаюць, што супрацоўніца рэдакцыі нібыта зьбірала за мяне подпісы ў працоўны час. Але гэта ня так".

Ягоных аргумэнтаў старшыня камісіі Васіль Бараньнік не прыняў, ён нават не пажадаў назваць прозьвішчаў аўтараў так званых "вострых сыгналаў" пра парушэньні Анатоля Букаса яшчэ падчас ягонага вылучэньня кандыдатам на дэпутата.

Сёньня ж на сьценах некаторых дамоў Барысава зьявіліся графіці, якія заклікаюць барысаўцаў не ісьці 18 сакавіка на выбарчыя ўчасткі.
XS
SM
MD
LG