Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ ПАДАЗРАЕ Ў РАБАВАНЬНІ МАГІЛЕЎСКАЙ ГАЗЭТЫ ДЭ-ФАКТА КІРАЎНІКОЎ РЭДАКЦЫІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Прадстаўнікі аддзелу ўнутраных справаў Цэнтральнага раёну Магілёва, якія расьсьледавалі рабаваньне офісу "Дэ факта", вылучылі новую вэрсію падзеі. Паводле яе, кампутары ды іншую аргтэхніку выданьня зьнесьлі старшыні рэдакцыйнай рады й калегіі.

На карысьць гэтай вэрсіі міліцыянты прыводзяць той факт, што офіс абрабавалі праз падбор ключоў. Пракурор Цэнтральнага раёну Магілёва Аркадзь Качанаў прыняў такую вэрсію і дазволіў ператрус у хатах спадароў Ірхо.

Некалькі гадзінаў пошукаў у абедзьвюх кватэрах нічога не далі. Пасьля прагляду рэчаў і ператрусаў міліцыянты вымушаныя быць перапрасіць ды пакінуць памяшканьні.

Супрацоўнікі рэдакцыі "Дэ факта" адзначылі, што ўсе непрыемнасьці, якія зваліліся на іх апошнія месяцы, цяжка назваць выпадковым зьбегам абставін. Пра гэта прынялі адмысловую заяву.

Нагадаю: цягам апошніх месяцаў арыштавалі рахункі газэты, высялілі рэдакцыю з гатэля "Днепр", абрабавалі на новым месцы. А яшчэ перад тым друкарня адмовілася набіраць артыкул пра стан псыхічнага здароўя А.Лукашэнкі.

Марыну ды Ігара Ірхо моцна абурыла вэрсія міліцыі пра тое, што яны самі ж скралі рэдакцыйнае абсталяваньне. Яны перадалі свой уласны кампутар газэце ў арэнду. Нашто ім было красьці свой жа кампутар, які ўтрымліваў усю інфармацыю, якая патрэбная для друкаваньня газэты.

Старшыня рэдакцыйнай калегіі газэты "Дэ факта" Ігар Ірхо заяўляе: "Мне здаецца, што рабаваньне офісу зрабілася нагодай ператрэсьці нашы асабістыя рэчы. Відаць, некаму трэба было агледзець нашыя кватэры, каб атрымаць патрэбную інфармацыю. Ня выключана, што хацелі паглядзець матэрыялы, якія я за два дні да ператрусу прывёз з ЗША".

Рэдакцыя шукае грошай на кампутар і памяшканьне. Пакуль няма ні таго, ні другога — на гэтым тыдні ўпершыню за апошнія тры гады чытачы не пабачаць сваёй газэты.
XS
SM
MD
LG