Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРАГІНСКАЯ МІЛІЦЫЯ МАЕ БІЗНЭС У ЗАРАЖАНАЙ ЗОНЕ


Казімер Яноўскі, Гомель


Кіраўнік Калыбаньскага лясьніцтва Мікалай Ганчароў лічыць, што ў аснове канфлікту ляжаць супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянтаў. Замест таго, каб ахоўваць радыяцыйную зону, брагінскія міліцыянты чыняць браканьерствы, прывозяць у зону на міліцэйскіх аўтамашынах рабаўнікоў каляровых мэталаў.

У гэтых непрывабных справах удзельнічае й сын начальніка міліцыі Лысянка старшына Вячаслаў Лысянок.

У першай палове студзеня лесьнікі затрымалі трох маладых людзей, якія пілавалі ў адселенай вёсцы Крукі драўляныя слупы лініі электраперадачы —здабывалі алюмініевы дрот. Прывезьлі ў радыяцыйную вёску рабаўнікоў міліцыянты разам з намесьнікам камандзіра ўзводу аховы, прапаршчыкам Сяргеем Навумавым.

Аднаго з траіх рабаўнікоў, Мікалая Васілевіча, які ня меў пашпарту, лесьнікі перадалі памежнікам.

Пазней лясьнічы Ганчароў зь егерамі зноў засьпеў у “зоне” прапаршчыка міліцыі Навумава, старшыну Лысянка й кіроўцу міліцэйскай аўтамашыны Хмяленку. Яны са службовага аўтамату забілі лася.

Лесьнікі склалі акт і праз дырэкцыю запаведніку перадалі справу ў Хойніцкую пракуратуру, каб прыцягнуць да адказнасьці браканьераў у міліцэйскай форме. Гэтую справу запатрабавала пракуратура вобласьці.

Адначасова дырэкцыя радыяцыйнага запаведніку перадала копіі актаў браканьерства ў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, бо апроч парушэньня рэжыму “зоны” ў чыстыя раёны вывозіцца забруджаная дзічына.

Менавіта пасьля такіх падзеяў брагінская міліцыя, каб выгарадзіць сваіх супрацоўнікаў, у тым ліку й сына начальніка, распачала супраць лясьнічага Ганчарова крымінальную справу — нібыта за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Падставай была запозьненая заява затрыманага ў “зоне” рабаўніка электрадроту Мікалая Васілевіча.

Міліцыя цяпер проста тэрарызуе лесьнікоў радыяцыйнага запаведніку. Працягвае старэйшы егер Брагінскага раёну Пятро Рудзянок.

(Рудзянок: ) "Раней у нас быў начальнікам міліцыі не Лысянок, а Антоненка. Ніякіх непаразуменьняў тады не ўзьнікала. Камандзірам узводу па ахове “зоны” працаваў Дубікоўскі. Былі сумесныя рэйды. Лавілі браканьераў, сканфіскоўвалі стрэльбы. Усё было прыстойна.

Калі райаддзел міліцыі ўзначаліў Рыгор Лысянок, добрыя дачыненьні захоўваліся яшчэ з год. Пасьля ўсё скончылася. Як кажуць самі міліцыянты, цяпер Рыгор Іванавіч толькі прымушае іх страляць ласёў. Мяса, мяса — у Менск, у Гомель. Каму й навошта, мы ня ведаем", — засьведчыў старэйшы егер спадар Рудзянок
XS
SM
MD
LG