Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ГОМЕЛЯ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ПАДВЫШЭНЬНЯ КОШТАЎ ЗА ГАНДЛЁВАЕ МЕСЦА


Казімер Яноўскі, Гомель

Адміністрацыя Цэнтральнага рынку, які падпарадкуецца Аблспажыўсаюзу, абгрунтавала неабходнасьць ажно трохразовага падвышэньня платы за гандлёвыя месцы. Яны хочуць, каб прадпрымальнік замест 7 500 рублёў толькі за месца плаціў прыкладна 22 000 рублёў. Вось як тлумачыць такі крок куратар рынку, намесьнік старшыні Аблспажыўсаюзу Гадад Гаджыеў.

(Гаджыеў: ) "Выклікана гэта тым, што зь ліпеня мы не падвышалі стаўкі разавага збору на рынку. Сёлетні студзень для рынку быў стратны — ажно на 20 мільёнаў рублёў".

Прадпрымальнікі аспрэчваюць такую практыку, справядліва мяркуючы, што не павінны пакрываць чужых стратаў сваім коштам. Тым больш, што рынак, нягледзячы на адмоўную фінансавую дзейнасьць, выступіў мінулай нядзеляй фундатарам гарадзкога сьвята праводзінаў зімы.

Як распавяла старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў рынку Тацяна Марчанка, лісты з подпісамі супраць росту платы за месцы будуць накіраваныя ня толькі ў мясцовыя органы ўлады, але і ў Саўмін.

Адначасова прадпрымальнікі нагадаюць ураду, што тыя ня выканалі іхных патрабаваньняў адносна спрашчэньня дзейнасьці.

Тымчасам сёньня а 17-й гадзіне ў драмтэатры аблвыканкам ушаноўваў пераможцаў абласнога конкурсу прадпрымальнікаў. Дробныя гандляры ў гэтым конкурсе ня ўдзельнічалі.
XS
SM
MD
LG