Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАСТАХ МІЛІЦЫЯНТЫ ЗЬБІЛІ ХЛОПЦА ДА КАЛЕЦТВА


Сяргей Астраўцоў, Горадня


У абласной пракуратуры пацярпелы сустрэўся з трыма афіцэрамі міліцыі, якія яго білі. Яны сваёй віны не прызнаюць.

Справу пра цялесныя пашкоджаньні распачаў мастоўскі раённы пракурор Васілеўскі на заяву маці Максіма. Максімава маці аднак жа напісала скаргу ў Менск, пасьля чаго справу перадалі ў абласную пракуратуру. Яе даручылі ўжо сьледчаму па асабліва важных справах Громаву.

Сёньня Максім Хандога, які езьдзіў у Горадню на вочную стаўку, што наладзіла абласная пракуратура, расказаў наступнае.

Пасьля вулічнай бойкі, удзельнікам якой яму давялося быць, яго выклікалі ў міліцыю. Гэта адбылося празь некалькі дзён пасьля бойкі. Ён сам прыйшоў у РАУС. Яго завялі ў кабінэт, на рукі начапілі кайданкі, ногі зьвязалі вяроўкай і пачалі біць. Білі тры супрацоўнікі.

Пасьля вяртаньня зь міліцыі хлопцу зрабілася блага. Маці выклікала хуткую дапамогу, яго даставілі ў райбальніцу і паклалі на апэрацыйны стол. Апэрацыя цягнулася 4 гадзіны, хлопцу давялося выдаліць селязёнку, бо яе пашкодзілі міліцыянты. Максім прабыў 10 дзён у шпіталі.

На вочную стаўку міліцыянты заходзілі па чарзе, слухалі сьведчаньні пацярпелага і практычна ўсё адмаўлялі. Сьляды на руках Максіма ад кайданкоў патлумачылі тым, што быццам прычапілі яго на калідоры РАУС — каб ня ўцёк.

Унутранае расьсьледаваньне праводзіць служба ўласнай бясьпекі абласной міліцыі. Пасьля выходных сьледчы пракуратуры Громаў мусіць наведаць Масты, каб пазнаёміцца са справай на месцы.

Максіму сёньня быццам няблага, а ў войска ўжо ня возьмуць — сказалі яму. У ліпені яму споўніцца 18 гадоў.
XS
SM
MD
LG