Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ЗАТРЫМАЛІ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск


Тры дні запар а 12-й гадзіне сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Барыс Хамайда ды Ўладзімер Плешчанка ладзілі несанкцыянаваныя пікеты з нагоды паўторных выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў.

Пікеты ладзілі ў цэнтры Віцебску ля так званага Сіняга дому. Два дні міліцыянты нібыта не заўважалі пікетоўцаў з плякатамі "Байкот выбарам 18 сакавіка" ды "Адзіны кандыдат на прэзыдэнта рэспублікі Беларусі — Зянон Пазьняк". Няйначай як сёньня паступіла каманда зьверху.

У 12.30 пікетоўцаў затрымалі й завезьлі ў Чыгуначны РАУС. Як паведаміў памочнік дзяжурнага прапаршчык Даўгяла, на спадароў Хамайду й Плешчанку склалі пратаколы з прычыны недазволенага пікету. У іх забралі ўлёткі беларускай "Салідарнасьці", што раздавалі на пікеце і некалькі асобнікаў незалежнай газэты "Выбар", у апошнім нумары якой надрукаваны вядомы верш Славаміра Адамовіча "Убей президента".

Пікеты — не адзіная акцыя віцебскіх сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Некалькі дзён таму яны зьвярнуліся да прадстаўнікоў абласных уладаў і сілавых структураў з адмысловым лістом.

Ліст выказвае надзею, што вынікі наступных выбараў ня будуць сфальсыфікаваныя, калі ўсе адказныя асобы, што атрымалі гэтыя лісты, здолеюць выявіць грамадзянскую мужнасьць і прынцыповасьць.
XS
SM
MD
LG