Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзяржаўная прэса маўчыць пра прэзыдэнцкія выбары?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Баюся, што трэба пачынаць з банальных словаў. Прэзыдэнцкія выбары — найвялікшая падзея ў любой краіне. А ў Беларусі тым больш, бо адрозна ад заходніх краінаў тут выбар кіраўніка дзяржавы — гэта ня проста абраньне галоўнага чыноўніка, а выбар шляху разьвіцьця для краіны й грамадзтва.

Але калі нейкі грамадзянін Беларусі чытае толькі дзяржаўную прэсу і глядзіць дзяржаўнае тэлебачаньне, факту прэзыдэнцкіх выбараў ён можа проста не заўважыць. Пра іх, канешне, згадваюць, але згадваюць толькі ў той ступені, наколькі ў гэтым працэсе бярэ ўдзел Аляксандар Лукашэнка.

Усе дзяржаўныя газэты, напрыклад, надрукавалі паведамленьне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, аднак пра наяўнасьць іншых прэтэндэнтаў большасьць дзяржаўных мэдыяў ня згадвае. Апошні выпуску тэлеперадачы "Рэзананс" прэзыдэнцкім выбарам прысьвяціў усяго некалькі хвілінаў.

Чаму галоўная падзея ў краіне знаходзіць такое малое адлюстраваньне ў дзяржаўнай прэсе? Вось меркаваньне Аляксандра Коктыша, аглядальніка газэты "Свободные новости".

(Коктыш: ) "На Лукашэнку працуе PR-аўская каманда з Расеі. Гэта было бачна з паводзінаў Лукашэнкі і ягонай каманды з пачатку года, асабліва бачна цяпер. Замоўчваньне дзеяньняў апанэнтаў Лукашэнкі паводле іхнай задумы, павінна гуляць на дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Наколькі я памятаю кампанію 1999 году, альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары, тады таксама была разнарадка даваць пра гэта матэрыял раз на тыдзень, у адной газэце кшталту "Советской Белоруссии". Безумоўна, падавалі ўсё з цалкам агітпропаўскага гледзішча, зь цьвёрдай пазыцыяй аблайваньня і ахайваньня. Так што ўсё залежыць ад разнарадкі і ад парадаў PR-шчыкаў, якія, думаю, працуюць у атачэньні Лукашэнкі".

(Цыганкоў: ) "Палітоляг і сябар БАЖ Уладзімер Падгол лічыць, што для тлумачэньня цяперашняй пазыцыі дзяржаўнай прэсы трэба згадаць першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 1994 году".

(Падгол: ) "У 1994 годзе была псыхалягічная, электаральная рэвалюцыя — людзі чакалі цудатворца. Тое ж самае было на першых прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі. І Ельцын, і Лукашэнка былі такімі "цудатворцамі", "асілкамі","волатамі", якія перамагалі ўсіх і давалі спадзеў на перамены.

Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі 1996-га году ў чым заключаліся. Усе афіцыйныя СМІ працавалі на тое, каб прыгасіць усе рэвалюцыйныя настроі, усялякае чаканьне пераменаў, арыентавалі людзей на стабільнасьць, на спакой. І адпаведна лідэрам рабілі такога дзядулю — Ельцына, які й мусіў быў забясьпечыць гэты спакой і нармалёвае жыцьцё ў гэтым грамадзтве.

Высновы робяць усе. Зараз лукашэнкаўская каманда рэалізуе клясычную схему ельцынскіх выбараў 1996-га. Усё робіцца дзеля таго, каб ад гэтых выбараў людзі не чакалі ніякіх зьменаў. Чаму? Калі ў 1994-м Лукашэнка быў "цудадзеем", то сёньня, празь сем гадоў свайго кіраваньня ён страціў гэтую якасьць. Якіх бы ён цудаў ні наабяцаў, яму ніхто не паверыць.

Што дае гэтае ідэалягемнае поле спакою? Яно ставіць у вельмі нявыгадны стан абсалютна любога канкурэнта Лукашэнкі. Чаму? Любы канкурэнт выходзіць з праграмай рэзкіх зьменаў. Лукашэнка — за стабільнае паступовае разьвіцьцё. А ўсім вядома, што рэзкія зьмены яшчэ невядома чым закончацца".

(Цыганкоў: ) "Дарэчы, менавіта гэтай стратэгіяй, я думаю, можна патлумачыць і рашэньні другога "Ўсебеларускага сходу". Вось ужо два месяцы прайшло пасьля гэнага сходу, але ў кожным нумары "Советской Белоруссии" некалькі артыкулаў пачынаюцца цытатамі з прамовы на сходзе Лукашэнкі. А галоўны сэнс, галоўная сутнасьць прамовы была такая: нам ня трэба ніякіх пераменаў.

Ня трэба хвалявацца, — кажа беларусам дзяржаўная прэса, — у нас усё спакойна, усё ідзе нармальна. Жыцьцё ідзе сваёй чарадой, прэзыдэнт вырашае пытаньні, езьдзіць па прадпрыемствах.

Ці ўдасца агітпропу вытрымаць такую пазыцыю на працягу ўсёй кампаніі, залежыць найперш ад альтэрнатыўных кандыдатаў. Ці здолеюць яны ўтвараць інфармацыйныя нагоды, пра якія немагчыма будзе не паведамляць?"

(Коктыш: ) "Я думаю, будзе вельмі цяжка замоўчваць, яны будуць змушаныя рэагаваць. Пытаньне заключаецца толькі ў якасьці гэтых матэрыялаў і акцэнтаў, якія будуць расстаўляцца. А якія будуць акцэнты, можна здагадвацца — усё бачна на працягу апошніх сямі гадоў".

(Цыганкоў: ) "Уладзімер Падгол глядзіць на гэта больш пэсымістычна".

(Падгол: ) "Вы ж бачыце, што частка кандыдатаў баіцца пачаць раней прызначанага часу прэзыдэнцкую кампанію і таму ня можа зрабіць учынку. А зь іншага боку — я ўвогуле ня бачу ніякай падставы, каб пра іх пачалі пісаць расейскія СМІ.

Беларускія — што б ты ні рабіў, яны будуць маўчаць. Загад атрымалі — будуць маўчаць, маўчаньне для іх сапраўды золата.

Як можна скалануць грамадзкую думку? Першае — калі нейкі кандыдат на прэзыдэнта стане ахвярай. Але ж ахвярай, за якую галасуюць выбарцы, ён можа стаць пасьля таго, як гэты кандыдат нешта такое зрабіў для ўсіх выбарцаў, каб у іхных вачах ужо зьявіўся сапраўдны беларускі рай.

У гэты час, калі выбары яшчэ не аб'явілі, робіцца вобраз. Менавіта за паўгода да выбараў стварыў сабе вобраз Лукашэнка ў 1994-м. Ніхто зь сёньняшніх апазыцыйных кандыдатаў, акрамя Пазьняка і Антончыка, не зрабіў сабе ніякага вобразу да абвяшчэньня даты выбараў.

Як толькі выбары аб'яўленыя, як толькі нейкі кандыдат самую геніяльную тэхналёгію выкарыстоўвае, каб стварыць сабе вобраз, існуе проста забойны аргумэнт: "А, ён усё гэта робіць дзеля перамогі на выбарах". І людзі глядзяць на гэтага чалавека як на хлуса, на актора".

(Цыганкоў: ) "Праца на імідж задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў — гэта сапраўды тое, на што зьвярталі ўвагу аналітыкі, калі гаварылі пра неабходнасьць як хутчэйшага вызначэньня адзінага кандыдата.

Зрэшты, пра Аляксандра Лукашэнку падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў дзяржаўная прэса пісала нашмат меней, чым пра тагачаснага кандыдата ад улады Ўладзімера Кебіча. І гэта не замінала яму перамагчы.

Наўрад ці дзяржаўнай прэсе ўдасца ігнараваць прэзыдэнцкія выбары. Ня ўдасца ігнараваць усіх кандыдатаў — іхныя крокі й учынкі. Цяжка будзе не заўважаць такія прозьвішчы як Пазьняк, Машэрава, Антончык, Чыгір, Ганчарык, Домаш.

А галоўнае, мне здаецца, у тым, што калі расейскія тэлеканалы пачнуць паведамляць пра альтэрнатыўных кандыдатаў, беларускім дзяржаўным мэдыям ня ўдасца застацца ўбаку. Гэта, дарэчы, даказала праграма Ўладзімера Позьнера на ОРТ і нэрвовая рэакцыя на яе як дзяржаўнай прэсы, так і самога Лукашэнкі. Калі альтэрнатыўныя кандыдаты зьявяцца на расейскіх тэлеэкранах, беларускія дзяржаўныя мэдыі вымушаныя будуць заняцца звыклай контарпрапагандай".

XS
SM
MD
LG