Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне расейскіх мэдыяў да саюзу Беларусі й Расеі.


Аўтар і вядучы: Віталь Цыганкоў, Менск


(Цыганкоў: ) "У 1996 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка ды Барыс Ельцын падпісвалі дамову аб стварэньні тады яшчэ Садружнасьці Беларусі й Расеі, гэтую тэму даволі актыўна асьвятлялі расейскія СМІ.

Газэты й тэлеканалы ажыўлена і часам вельмі эмацыйна абмяркоўвалі шанцы Аляксандра Лукашэнкі на расейскі прастол, дасьледавалі ўяўную магчымасьць пераносу расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў з прычыны стварэньня беларуска-расейскай агульнай дзяржавы.

Расейскія тэлеканалы ня раз круцілі кадры масавых маніфэстацыяў у Менску, сутыкненьняў паміж дэманстрантамі й амонаўцамі.

Гэны інтарэс трымаўся нядоўга. Напэўна, 1996 год можна назваць пікам, пасьля расейская цікавасьць да беларускіх праблемаў пакацілася наніз.

Калі, прыкладам, штотыднёвы часопіс “Итоги” яшчэ 5 гадоў таму меў у Менску ўласнага карэспандэнта, то цяпер нейкую інфармацыю зь Беларусі “Итоги” друкуюць хіба некалькі разоў на год.

Чаму так адбываецца? Тлумачэньне дае карэспандэнт газэты “Новые известия” Аляксандар Старыкевіч".

(Старыкевіч: ) "Паменшала цікавасьць расейскіх СМІ да падзеяў у Беларусі з прыходам да ўлады Ўладзімера Пуціна. Думаю, гэта тлумачыцца тым, што больш цікавыя падзеі пачалі разгортвацца ў Расеі. Там цяпер прыкладна той жа тып кіраўніка — у сэнсе моцная рука, але там яшчэ й досыць моцная галава (прынамсі, калі параўноўваць).

Таму цікавасьць меншае. Думаю, што гэтая тэндэнцыя сёлета будзе ў некаторай ступені пераадоленая — з прычыны прэзыдэнцкіх выбараў. Але калі яны скончацца, расейская прэса, мяркую, ізноў згубіць цікавасьць да падзеяў у Беларусі".

(Цыганкоў: ) "Карэспандэнт расейскага тэлеканалу ТВ-6 Ігар Сінякевіч тлумачыць зьніжэньне цікавасьці да Беларусі зваротам да практычнасьці ў расейскай палітыцы".

(Сінякевіч: ) "Найперш трэба зразумець, што цікавасьць да беларуска-расейскага саюзу ў Беларусі й Расеі вельмі розная. Колькі пішуць пра сытуацыю ў Літве беларускія СМІ? Прыкладна гэткая ж цікавасьць да Беларусі ў расейскіх мэдыях.

У Расеі ня шмат саюзьнікаў. З гэтага гледзішча ёсьць пэўная цікавасьць да саюзу зь Беларусьсю. Але ўсё ж стаўленьне да саюзу такое: гэта быў праект, патрэбны Лукашэнку для ягоных асабістых палітычных мэтаў.

Пасьля зьмены прэзыдэнта Расеі стаўленьне да Беларусі афіцыйнага кіраўніцтва Расеі наступнае: "Гэта толькі бізнэс і нічога асабістага". Гэта ўжо ня Ельцын, які меў пэўны комплекс, што ён зруйнаваў Савецкі Саюз. У Пуціна няма ніякіх комплексаў".

(Цыганкоў: ) "Ня толькі паменшала цікавасьць да беларуска-расейскай праблематыкі — зьмяніўся і сам фармат артыкулаў на тэмы інтэграцыі. Па-мойму, зараз не сустрэнеш удумлівага аналізу гэтай тэмы, бо яна не выклікае гарачых водгукаў, бо яна стала дзяжурнай ды сумнай".

(Сінякевіч: ) "Менавіта. І прычына найперш у тым, што цікавасьць да гэтага праекту страцілі самі палітыкі. Лукашэнка павёў цягнік у тунэль, кажучы, што там ёсьць сьвятло ў канцы. Але рэйкі перарваліся пасярод шляху, і ніхто ня ведае, ці ёсьць сьвятло наперадзе, але ўсе памятаюць, што сьвятло было там, напачатку тунэлю.

Сытуацыя зараз вельмі сьмешная. Лукашэнка ўвязаўся ў праект, які быў патрэбны яму, але сытуацыя зьмянілася, і праект яму ўжо не патрэбны. Таму й цікавасьць да саюзу зараз малая.

Усе разумеюць, што саюз існуе намінальна, а не рэальна. Калі б не сядзеў Барадзін у Бруклінскай турме, я сумняюся, каб тут увогуле што-небудзь пісалі б пра гэты саюз".

(Цыганкоў: ) "Палітыкі — як беларускія, так і расейскія, як правыя, гэтак і левыя — часам абвінавачваць расейскія СМІ ў тым, што тыя выконваюць пэўную палітычную замову.

Якія патрабаваньні расейскіх рэдакцыяў да сваіх карэспандэнтаў у Беларусі? Адказвае карэспандэнт газэты “Новые известия” Аляксандар Старыкевіч".

(Старыкевіч: ) "Патрабаваньне да мяне адно — падаваць інфармацыю зь Беларусі пра цікавыя для расейскага чытача рэчы. Ніхто не вызначае для мяне лінію — "за" ці "супраць" інтэграцыі".

(Цыганкоў: ) "Зрэшты, можна паставіць пытаньне інакш. Ці шчырыя расейскія журналісты ў сваіх матэрыялах на беларускую тэму? Ці маюць яны магчымасьць пісаць тое, што думаюць на беларускую тэму? Ці ёсьць унутраны цэнзар?"

(Сінякевіч: ) "Я б не сказаў , што моцна розьняцца асабістыя думкі ды думкі, што выкладаюцца на старонках газэтаў.

Існуе пэўны дуалізм іншага кшталту. Усе разумеюць, што Расеі патрэбныя саюзьнікі, усе з сымпатыяй ставяцца да беларусаў як да нацыі. Але большасьць журналістаў выказваюць шкадаваньне, што гэтую неблагую (на іхную думку) ідэю яднаньня двух народаў эксплюатуе такі палітык як Лукашэнка. Сымпатыяў да Лукашэнкі няма, і гэта зразумела, але сымпатыі ёсьць да Беларусі".

(Цыганкоў: ) "У 1996 годзе многія беларускія апазыцыянэры адразу пасьля дэманстрацыяў сьпяшаліся да экранаў сваіх тэлевізараў, каб паглядзець сюжэт пра акцыю на адным з расейскіх тэлеканалаў.

І цяпер, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, многія задаюцца пытаньнем, ці будуць расейскія тэлеканалы асьвятляць падзеі ў Беларусі адносна аб’ектыўна.

Для многіх першым трывожным званком стала асьвятленьне тэлеканалам РТР Дня Волі 25 сакавіка. Рэпартаж пра гэтую падзею мала чым розьніўся ад таго, што рэгулярна прапануе гледачам праграма "Рэзананс" Беларускага тэлебачаньня.

Аляксандар Старыкевіч лічыць, што іншага стаўленьня расейскіх тэлежурналістаў у тым выпадку не магло й быць".

(Старыкевіч: ) "Ня варта паліць расейскія сьцягі — пачнем з гэтага. Таму й стаўленьне было пасьля гэтай падзеі адпаведнае. На паляпшэньне яго, зразумела, разьлічваць досыць цяжка.

Пасьля ўжо не ратуюць аніякія абвяржэньні лідэраў апазыцыі, што яны ня мелі дачыненьня да гэтага інцыдэнту й не плянавалі яго. Калі за 5 гадоў яны не навучыліся прадухіляць падобныя рэчы, наўрад ці можна разьлічваць, што нават найлібэральная частка расейскага грамадзтва будзе цешыцца са спальваньня расейскіх сьцягоў на вуліцах Менску".

(Цыганкоў: ) "Ці зьменіцца стаўленьне расейскіх мэдыяў да гэтак званага саюзу Беларусі й Расеі ў наступныя месяцы, калі ў Беларусі пачнуцца прэзыдэнцкія выбары?"

(Сінякевіч: ) "Расейская прэса розьніцца і паводле палітычных сымпатыяў. Прэса славянафільская піша пра саюз пэўна больш. Але сур’ёзныя палітыкі, якія прымаюць рашэньні, разумеюць, што ня будзе нічога з гэтага саюзу, што гэта толькі намінальны праект, які быў закліканы задаволіць комплекс Ельцына і пэўным чынам амбіцыі Лукашэнкі.

Зараз стаўленьне да гэтага праекту вельмі халоднае".

(Цыганкоў: ) "Халодным зрабілася стаўленьне ня толькі праціўнікаў беларускай незалежнасьці — зьнік імпэт і ў расейскіх прагрэсіўных журналістаў. Здаецца, яны стаміліся абараняць беларускую дэмакратыю, ім бы зараз хаця б сябе абараніць. Выглядае, што беларускім апазыцыянэрам ня варта ў наступныя месяцы асабліва спадзявацца на маштабную дапамогу з боку расейскіх мэдыяў".

XS
SM
MD
LG