Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якой павінна быць прэса для рабочых, каб рабочыя хацелі яе чытаць?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Сёньня, напярэдадні дня, які ў Беларусі адзначаецца як сьвята працы, мы пагаворым пра асьвятленьне ў прэсе правоў й праблемаў працоўных.

Адразу давядзецца адзначыць, што выданьняў, прысьвечаных гэтай тэме, у Беларусі зусім няшмат, як, дарэчы, небагата і ўласных адпаведных традыцыяў. У савецкі час у гэтай сфэры была толькі "ўсесаюзная" газэта "Труд", уласна ж беларускага выданьня для працоўных не было. Дарэчы, наклад "Труду" ў Беларусі дасягаў мільёну асобнікаў — гэта было самае масавае ў рэспубліцы выданьне.

Кіраўнік прадстаўніцтва газэты "Труд" у Беларусі Сяргей Ваганаў знаходзіць пэўныя паралелі паміж тым, як асьвятляла працоўную тэму савецкая прэса і падыходам да гэтых праблемаў сёньняшняй дзяржаўнай прэсы".

(Ваганаў: ) "За савецкім часам гэтая тэма вельмі моцна эксплюатавалася ў ідэалягічных мэтах. Каб рабочыя менш задумваліся пра сыстэму і больш думалі, што ў іх дурны начальнік, якога ў любы момант можна зьмяніць і ад гэтага палепшыцца жыцьцё.

Я даўно ўжо працую ў "Труде" — газэта лічылася прафсаюзнай прэсай, "газэтай рабочых" — і гэтак звонку й было. Чэргі ў рэдакцыі са скаргамі на розных начальнікаў былі вельмі доўгія, патрабавалася некалькі гадзінаў на дзень, каб выслухаць кожнага наведніка.

Сёньняшняя беларуская дзяржаўная прэса спрабуе і зараз неяк пераканаць чытачоў, што яна нібыта клапоціцца пра рабочага чалавека. Напраўду гэта ня так, і вопыт гэта даказаў. Жыцьцё рабочага залежыць не ад ягонага непасрэднага кіраўніцтва, а ад сыстэмы, якая пануе ў грамадзтве.

Аднак цяперашняя прапагандысцкая сыстэма дае падставу "простым людзям" лічыць, што нешта зьменіцца, калі зьмяніць там старшыню калгасу ці дырэктара заводу. Але гэта ня так".

(Цыганкоў: ) "У 1989 годзе прафэсійныя саюзы (іх тады, ды й зараз яшчэ многія называюць афіцыйнымі) заснавалі газэту "Праца", якая пазьней зьмяніла назву на "Беларускі час". Дарэчы, гэта газэта стала першым недзяржаўным зарэгістраваным выданьнем у Беларусі.

Да апошніх гадоў "Беларускі час" быў фактычна адзіным у краіне выданьнем, якое асьвятляла працоўныя праблемы. Некалькі месяцаў таму ў газэце зьмяніўся галоўны рэдактар, і паводле агульнага меркаваньня, "Беларускі час" больш стаў цікавіцца жыцьцём працоўных, а ня толькі прафсаюзнага кіраўніцтва.

У ліпені 1997 году нарадзілася газэта "Рабочы", што выпускаецца з дапамогай незалежных прафэсійных саюзаў. Намесьніца рэдактара газэты "Рабочы" Ірына Жыхар разважае, якім павінна быць выданьне для рабочых і чым яно мусіць адрозьнівацца ад іншых мэдыяў".

(Жыхар: ) "Канечне, спэцыфіка ёсьць. Рабочыя, як правіла, — людзі наёмнай працы, што выконваюць спэцыфічныя апэрацыі, людзі пераважна зь сярэдняй адукацыяй. Гэта таксама ўплывае на тэксты, якія мы пішам.

Стыль газэты "Рабочы" — гэта павінны быць тэксты, напісаныя вельмі папулярна — у добрым сэнсе гэтага слова. Трэба памятаць, што некаторыя паняцьці часта выкарыстоўваюцца, але могуць быць незразумелыя. Прыкладам, унутраны сукупны прадукт… Разумееце, калі ў школе гэтаму не вучылі, то рабочы ня пойдзе ў слоўнік глядзець, што абзаначае гэтае слова".

(Цыганкоў: ) "І як вы спрабуеце гэтае паняцьце замяніць ці патлумачыць?"

(Жыхар: ) "Замяніць тут нельга. Мы робім гэтак званыя зноскі. Ці нашыя эканамісты перакладаюць гэтыя паняцьці на "чалавечую", як мы кажам, размоўную мову.

Тут ёсьць пэўныя складанасьці. Бо да нас прыходзяць і кандыдаты, і дактары навук, якія выкладаюць у ВНУ, і часам скардзяцца: "Чаму вы робіце вельмі простыя тэксты?" Мы тлумачым, што гэтаму ў школе ня вучаць, рынкавых тэрмінаў не даюць, і трэба вельмі зразумела людзям распавядаць пра рэчы, якія для вас ясныя".

(Цыганкоў: ) "У такой індустрыяльнай краіне як Беларусь рабочыя, разам зь сем'ямі, складаюць, бадай, звыш трэці насельніцтва, але тэматыка праблемаў працоўных вельмі мала прадстаўленая ў грамадзка-палітычнай прэсе. Пра іхныя праблемы пішуць пераважна тады, калі ёсьць нейкая інфармацыйная нагода — страйк, перакрыцьцё руху транспарту і гэтак далей.

Аднак пра што павінна пісаць прэса, прысьвечаная правом працоўных, каб рабочы сам захацеў яе чытаць? Разважае Сяргей Ваганаў".

(Ваганаў: ) "Каб рабочаму было цікава, трэба пісаць пра тое, што яго цікавіць у ягоным канкрэтным жыцьці. Рабочаму трэба растлумачыць тое, што ён сам толькі інтуітыўна адчувае. Калі ён адчувае, што гэта адбіваецца на ягоным заробку, інтарэсах, кваліфікацыі, то ён будзе чытаць, каб знаходзіць нейкія адказы.

Самім рабочым трэба даваць слова, даваць ім магчымасьць праз газэту пра сваё жыцьцё гаварыць. На жаль (гэта тычыцца газэтаў, адрасаваных нібыта рабочым) яны зараз усялякімі "забаўлялкамі" займаюцца, сэнсацыямі, карацей — "чытанка". Такой сур’ёзнай размовы пра справы рабочых са старонак гэтай прэсы не вядзецца".

(Цыганкоў: ) "Чаму журналістам нялёгка адчуць сапраўдныя праблемы рабочых, зірнуць на іх не са свайго, а зь іхнага пункту гледжаньня? Чаму гэта цяжка — пісаць аб працоўных спрэчках і канфліктах?"

(Ваганаў: ) "Безумоўна, цяжка, бо тыя людзі, пра якіх ты пішаш, — яны гэта чытаюць. І калі ты схлусіш пра іхнае жыцьцё, то будзе і рэакцыя.

Прэса павінна дапамагчы рабочым раскрыць вочы, каб яны бачылі, што ёсьць кошт іхнае працы. Рынкавы кошт. Трэба, каб людзі разумелі працоўнае заканадаўства. Разумелі, што ўсе дачыненьні з наймальнікамі й дзяржавай павінны будавацца на прававым падмурку ў межах заканадаўства.

У савецкі час можна было часьцей сустрэць працаўнікоў, якія ведалі свае правы нават у тых межах. А зараз нават у газэты перасталі зьвяртацца па прававую дапамогу".

(Цыганкоў: ) "Зрэшты, праблема ня толькі ў журналістах. І самі рабочыя ня вельмі цікавяцца палітыкай ды ўвогуле грамадзкім жыцьцём. Вось што гаворыць Ірына Жыхар, намесьніца рэдактара газэты "Рабочы".

(Жыхар: ) "Гэта праблема — праблема чытача. На жаль, я павінна сказаць, што такі культурны чытач, які цікавіцца, хвалюецца — іх ня так шмат сёньня ў рабочым асяродку. Іх да 5-7% на прадпрыемствах, ня болей.

Астатнія рабочыя больш спадзяюцца на курылку, на ўласныя размовы й разважаньні, якія не абапіраюцца ні на што. Таму палітычныя размовы ў курылках могуць быць вельмі гарачыя. Але яны ідуць ад пачуцьцяў, а не ад дакладных ведаў, якія можна атрымаць праз газэты, у першую чаргу недзяржаўныя".

(Цыганкоў: ) "Аднак размовы ў курылках не прыводзіць да жаданьня зрабіць нешта канкрэтнае дзеля абароны сваіх правоў. Забаўна, што ў ХХІ-м стагодзьдзі інфармацыя распаўсюджваецца ў значнай ступені ўсё яшчэ мэтадамі стагодзьдзя ХІХ-га — з вуха на вуха, без пасярэдніцтва сродкаў масавай інфармацыі.

Выглядае, што незалежнай прэсе і рабочым пакуль ня вельмі лёгка знайсьці кропкі ўзаемнага інтарэсу. А знаходзіць трэба, без удзелу рабочых у Беларусі наўрад ці магчымыя сапраўдныя перамены".

XS
SM
MD
LG