Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час прэсы. Сёньняшні стан беларускай фотажурналістыкі


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Анатоль Кляшчук, Уладзімер Шлапак

Вядучы: Віталь Цыганкоў

(Цыганкоў: ) "Пачынаючы сёньняшнюю праграму, я міжволі адчуваю недахоп мастацкіх сродкаў радыё. Шкада, што ў эфіры немагчыма паказваць фатаграфіі, але спадзяюся, што наша размова ня будзе ад гэтага менш цікавай.

Фотажурналістыка — гэта мастацтва праўды. Яркі фотаздымак гаворыць сам, не патрабуючы камэнтароў ды аналізу. Часам адзін удалы кадар можа сказаць пра жыцьцё й палітыку больш за вялікі публіцыстычны матэрыял у газэце.

Напэўна, за часам беларускай незалежнасьці ці ня самым знакамітым стаў фотаздымак Сяргея Грыца. Гэты здымак нават назвалі пацалункам стагодзьдзя.

На кадры, зробленым у 1994-м годзе, тагачасныя прэм’ер-міністры Беларусі й Расеі Вячаслаў Кебіч і Віктар Чарнамырдзін цалуюцца ўзасос на заднім сядзеньні аўтамабіля. Некаторыя лічаць, што гэты здымак паспрыяў паразе Кебіча значна больш за сотню палымяных ці аналітычных артыкулаў ягоных апанэнтаў.

Магчыма, сярэдзіна 1990-х — гады бурных палітычных пераменаў і шматтысячных масавых акцыяў — былі залатым часам беларускай фотажурналістыкі. Было што здымаць, была запатрабаваная праца фотажурналістаў як СМІ Беларусі, гэтак і за мяжой.

Цяпер, як сьцьвярджае фотакарэспандэнт дзяржаўнай газэты “Звязда”Анатоль Кляшчук, сытуацыя зусім іншая".

(Кляшчук: ) "Многіх фатографаў, якія былі раней вельмі актыўныя — здымалі палітыку, і здымалі цікава — цяпер рэдка можна ўбачыць з такімі тэмамі. Яны ўвогуле зрабіліся нейкія пасыўныя.

А гэта залежыць ад стану нашых газэтаў, ад таго, як ставяцца да прэсы наагул у краіне. Калі раней, 5 гадоў таму, на мітынгу можна было пабачыць некалькі дзясяткаў фатографаў, то цяпер і дзясятку не набярэцца".

(Цыганкоў: ) "А куды яны падзеліся? Перайшлі на іншыя фотажанры, сышлі з фотажурналістыкі?"

(Кляшчук: ) "Яны па-ранейшаму працуюць у сваіх выданьнях, але ведаюць, што гэтыя фотаздымкі ня будуць запатрабаваныя. Таму гэтыя фотажурналісты пераключаюцца на іншыя жанры. Яны працуюць у газэтах, але ўжо не з такім імпэтам, ня гэтак творча".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, дзяржаўнай прэсе апошнія гады больш патрэбны ня фотарэпартаж з падзеі, а нейкі нэўтральны жанар — фотазамалёўка, фотанарыс.

І падзеяў стала менш, ды й ня хочуць заўважаць гэтых падзеяў дзяржаўныя выданьні. Ці ня трацяць беларускія фотажурналісты сваёй кваліфікацыі ў такой сытуацыі? Ці роўнае іхнае майстэрства прафэсіяналізму калегаў зь іншых краінаў?"

(Кляшчук: ) "Наш узровень ня можа быць вышэйшым за іншыя краіны. Таму што праца многіх фатографаў не запатрабаваная гэтак, каб фатограф гэта адчуваў і працаваў самааддана.

Тут шмат чаго — і тое, што газэты неапэратыўна выходзяць, і што не найлепшая апаратура, дарагія фотаматэрыялы. І ня так шмат у нас выданьняў, якім патрэбныя здымкі палітычных падзеяў, ды якія добра плацяць за гэтыя здымкі".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, фотажурналістам сёньня плацяць няшмат. Таму самыя таленавітыя зь іх імкнуцца выявіць сябе празь нейкія іншыя, не газэтныя жанры. Анатоль Кляшчук, прыкладам, выдаў фотакаталёг “Зона журбы”, прысьвечаны чарнобыльскай тэматыцы.

Фотажурналістаў, якія працуюць на замежныя інфармацыйныя агенцтвы, беларускія калегі лічаць белай косткай. Ім і плацяць больш, і выбар тэмаў у іх неабмежаваны.

Сваіх фотакарэспандэнтаў у Беларусі маюць тры міжнародныя агенцтвы — Reuter, Associated Press i France Press. На жаль, правілы гэтых агенцтваў забараняюць іхным журналістам даваць інтэрвію для СМІ.

Усё ж адзін з фотакарэспандэнтаў распавёў мне пра спэцыфіку сваёй працы, пра тое, якая інфармацыя зь Беларусі цікавіць замежныя мэдыі.

Зразумела, што найбольшы інтарэс выклікаюць падзеі маштабныя — масавыя маніфэстацыі, візыты кіраўнікоў дзяржаваў, саміты. Гэтымі днямі праходзіць візыт у Беларусь эўрапейскай "тройкі", дык вось пра гэта ніякага фотарэпартажу не плянуецца — ня той маштаб падзеі.

Хаця апошнімі гадамі вулічных акцыяў відавочна паменела (калі параўноўваць з 1996-м годам), нельга сказаць, што замежныя агенцтвы фотаматэрыялы зь Беларусі прымаюць радзей.

Калі не адбываецца значных палітычных падзеяў, фотажурналіст актыўна шукае іншы цікавы матэрыял. Скажам, фотарэпартаж пра ўратаваньне лебедзяў, якія замярзалі ў батанічным садзе. Увогуле жыцьцё жывёлаў, прыродныя замалёўкі вельмі цікавыя заходняй прэсе. Пэўная ўвага надаецца спорту.

Пры гэтым замежныя агенцтвы маюць некаторыя непарушныя правілы, якія дагэтуль розьняцца ад падыходаў беларускай прэсы.

Напрыклад, цалкам забароненая рэтуш. Калі на здымку нечая рука альбо нязначная частка адзеньня перашкаджае добраму ракурсу, то яна застанецца ў кадры. А ў беларускай прэсе яе могуць проста зарэтушаваць.

Беларуская ўлада ставіцца да фотакарэспандэнтаў замежных агенцтваў даволі памяркоўна, імкнецца не канфліктаваць. Зусім ня тое з прадстаўнікамі незалежнай прэсы.

Гаворыць фотакарэспандэнт “Нашай свабоды” Ўладзімер Шлапак".

(Шлапак: ) "Некалі нас падзялілі на “чэсных” і “нячэсных” — дагэтуль такі стан існуе.

Мы, апазыцыйныя журналісты, ня можам трапіць на афіцыйныя мерапрыемствы. Таму даем толькі тое, што ўдаецца накапаць. Калі гэта прэзыдэнцкія гонкі на лыжах, дык гэта кавалачак, які зможаш ухапіць. Ды й тое рызыкуеш — могуць пашкодзіць фотаапаратуру.

Такая рызыка заўжды застаецца. Калі ўлада ідзе на незаконныя дзеяньні (а гэта бывае даволі часта), яна сьвядома замятае сьляды.

Апошні раз мяне затрымлівалі за тое, што я здымаў імпрэзу анархістаў і праціўнікаў глябалізацыі. Дзеткам 20-гадовым там круцілі рукі. Міліцыя спачатку аніяк не рэагавала на здымкі, але потым — вельмі жорстка.

Высокія чыны, якія кіравалі апэрацыяй, былі супраць, каб гэта здымалі на стужку. Таму нас хуценька арыштавалі, завезьлі ў пастарунак, абшукалі, адабралі ўсё, што было, нават зьнялі з чаравікоў матузкі, прыпужнулі, што пасадзяць у КПЗ.

Праз пару хвілінаў вывелі з пастарунку, склалі нейкія акты й аддалі ўсе рэчы. Але стужку засьвяцілі і нават неяк пашкодзілі апаратуру".

(Цыганкоў: ) "Фотакарэспандэнт — чалавек, якая міжволі прыцягвае ўвагу. Калі на месцы нейкіх вострых падзеяў аказваецца нехта з фотакамэрай, на яго адразу зьвяртаюць увагу праваахоўчыя структуры.

Аднак Анатоль Кляшчук лічыць, што галоўнае для фатографа — гэта адчуваньне імпульсу жыцьця".

(Кляшчук: ) "Наагул для фатографа, для фотажурналіста ня можа быць дрэннай сытуацыі ў краіне. Дзе б ён ні жыў, што б там ні адбывалася, ён заўсёды павінен адчуваць гэтае жыцьцё.

Калі іншыя журналісты больш залежаць ад настрою, то фатограф на гэта ня мае права. Ён павінен кожны дзень адчуваць жыцьцё, пульс жыцьця.

Фатограф заўсёды мусіць быць узброены. Ці то сьнег выпаў глыбокі, — ён павінен адчуваць момант. Па тым, што ён здыме, можна пабачыць, якая эканоміка ў горадзе, як улады ставяцца да жыхароў.

Не кажу ўжо пра палітычныя падзеі, дзе журналіст павінен быць — незалежна ад таго, ці будзе ягоны здымак запатрабаваны. Проста таму, што ён фотажурналіст".

(Цыганкоў: ) "Як бачым, фотажурналістыка перажывае тыя ж працэсы, што і ўся беларуская прэса.

У дзяржаўных газэтах адбываецца пэўная дэградацыя жанру й незапатрабаванасьць матэрыялаў. Незалежная прэса змагаецца з уладамі й са сваімі слабымі магчымасьцямі.

Але ўвогуле ўзровень беларускай фотажурналістыкі адпавядае сёньняшняму — я б сказаў, “замарожанаму”, пераходнаму — стану ўсёй беларускай прэсы".

XS
SM
MD
LG