Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі FM-эфір — колькасныя перамены робяцца якаснымі


Вядучы: Віталь Цыганкоў

(Цыганкоў: ) "У пятніцу ў Беларусі пачала вяшчаньне чарговая радыёстанцыя ў FM-дыяпазоне — “Русское радио”. Адна з найпапулярнейшых радыёстанцыяў Расеі мае свае філіі ў краінах Сярэдняй Азіі, у Прыбалтыцы і ва Ўкраіне.

У Беларусі ж надта сур’ёзная канкурэнцыя цяпер у FM-фармаце: за слухача змагаюцца ажно 8 радыёстанцыяў ды першая праграма дзяржаўнага беларускага радыё.

Сярод гэтых васьмі толькі БПСМаўскае Радыё “Стыль”, дзяржаўная “Сталіца” і, напэўна, “Альфа-Радыё” маюць выключна беларускіх гаспадароў.

Астатнія створаныя праз дапамогу замежнага капіталу. “Уні-стар — Радыё БДУ” мае беларуска-нямецкіх заснавальнікаў. “Радыё Рокс” — былая філія адпаведнай расейскай радыёстанцыі, якая адносна даўно стала самастойнай структурай. “Радыё Мір” заснаванае органамі СНД. А “Радыё Бі-Эй” калісьці было створанае як беларуска-амэрыканская структура, а цяпер, паводле некаторых звестак, шукае сабе новых заснавальнікаў.

Сярод усіх беларускіх FM-станцыяў адносна беларускамоўная толькі адна — дзяржаўная “Сталіца”.

Сытуацыя ў FM-эфіры вельмі дынамічная — адных лідэраў зьмяняюць іншыя, новыя станцыі выцясьняюць канкурэнтаў, заваёўваючы сабе месца.

Слова кіраўніку грамадзкай арганізацыі “Беларуская музычная альтэрнатыва” Сяргею Сахараву".

(Сахараў): "Рынак зараз падзелены між канкурэнтамі, сярод якіх тры асноўных — "Альфа-Радыё", "Бі-Эй" і "Радыё Рокс". Найбольшы рэйтынг мела радыё "Бі-Эй", але з часам ён пачаў меншаць, бо тыя пэртурбацыі, што адбываліся цягам апошняга году, не маглі не паўплываць на ягоны рэйтынг.

Тое ж можна сказаць і пра “Альфа-Радыё”, зь якога пайшла каманда досыць знакавых фігураў, якія стварылі радыё “Уні-стар”.

З “Роксам” прасьцей. “Рокс” з-за камэрцыйных праблемаў пачынае пашыраць кола сваіх слухачоў праз адкрыцьцё карпункту “Русского радио” ў Беларусі. Менавіта на базе “Радыё Рокс” і ствараецца гэтая станцыя.

Праблема “чырыканьня” ў эфіры — калі ды-джэі часам вельмі непрафэсійна робяць камэнтар да песень, засталася. Неяк з гэтым змагаюцца. Стылёвая ніша таксама пачала разьбівацца, і калі “Рокс” зьбірае нейкую рокавую публіку, дык “Сталіца” зьбірае нейкую поп-публіку плюс рэгіёны".

(Цыганкоў: ) "Мяняецца ня толькі рэйтынг радыёстанцыяў, але й іхная інфармацыйная палітыка. Усе FM-станцыі памятаюць пра зачыненае ў 1996-м годзе “Радыё 101,2”, таму баяцца зьяўленьня хоць якой “палітыкі” ў сваім эфіры.

Мо таму станцыі баяліся беларускай інфармацыі, дзе можна нарвацца на гэтую палітыку".

(Сахараў: ) "Калі ў 1997–1998 гадах можна было казаць пра тое, што ідзе рэтрансьляцыя расейскіх альбо замежных навінаў, дык зараз сытуацыя крыху зьмяняецца, і рэй тут вядзе “Радыё Рокс”. Я адчуваю, што гэта ўплыў асобаў, якія працуюць у службе інфармацыі, бо навіны іхныя часам бываюць вельмі апэратыўныя й аб'ектыўныя.

Тое ж спрабуюць рабіць і іншыя станцыі, ня ведаю, ці можна тут казаць, што на іх ціснуць, але яны толькі ставяць нейкія беларускія навіны, ня болей. Гэтыя навіны часам абмяжоўваюцца толькі афіцыйнай інфармацыяй — пра візыты, наведваньні альбо нейкія бізнэсовыя праекты, якія могуць цікавіць слухачоў".

(Цыганкоў: ) "У першыя гады FM-эфіру ягонай адметнасьцю было мілае, але бессэнсоўнае вуркатаньне вядучага, найчасьцей вядучай. Апошнім часам стаўленьне да ролі ды-джэя кардынальна зьмянілася. Пра гэта гаворыць ды-джэй "Радыё-Рокс", вядучы некалькіх аўтарскіх праграмаў Адам Старповіч".

(Старповіч: ) "Мілае вуркатаньне ўжо ня моднае ў FM. Ды-джэй — гэта галава ў эфіры, якая нешта кажа. Але цяпер пажадана, каб гэтая галава казала нешта разумнае. І нешта разумнае зь нейкай нагоды. Казаць проста “вось ідзе дожджык, ён такі цёплы й прыемны” — гэта можна, але зьвязаўшы з той музыкай, якая гучыць".

(Цыганкоў: ) "Па-мойму, толькі пра гэта й кажуць на ўсіх станцыях".

(Старповіч: ) "Не, я ня згодны. Большасьць нашых FM-станцыяў хочуць зарабляць грошы, а слухачу зараз не падабаецца, што чалавек, які працуе ў эфіры, кажа нешта бессэнсоўнае. Людзі кажуць: "Спыняйце балбатню, дайце нам паслухаць музыку ці карысную інфармацыю".

Таму гэткае немагчыма, гэта прафнепрыдатнасьць. Чалавек, які папросту балбоча, атрымлівае заўвагі кіраўніцтва (гэтак на ўсіх станцыях). Альбо яго адхіляюць ад працы".

(Цыганкоў: ) "На думку кіраўніка “Беларускай музычнай альтэрнатывы” Сяргея Сахарава, FM-радыё сёньня найбольш разьвіты сэгмэнт беларускага мэдыйнага рынку".

(Сахараў: ) "FM-рынак на мэдыйным рынку Беларусі самы разьвіты. Ён увесь час удасканальваецца. На маю думку, гэта сьведчыць пра тое, што мэдыйны рынак Беларусі быў бы такі самы, калі б не падзеі 1995–1996 гадоў і найперш рэфэрэндум.

Невядома, што было б, але, відаць, на першае месца выйшла б “Радыё 101,2”. Калі зараз размаўляеш зь людзьмі, якія стала слухаюць FM-эфір, дык дагэтуль яны адзначаюць тую станцыю як самую прафэсійную".

(Цыганкоў: ) "Чым адрозьнівалася “Радыё 101,2” ад большасьці сёньняшніх радыёстанцыяў? Напэўна, ня толькі сваёй якаснай беларускай мовай, але й стаўленьнем да слухача.

Гаворыць былая ды-джэй "Радыё 101,2", а цяпер карэспандэнтка "Радыё Рацыя" Вольга Бабак".

(Бабак: ) "Нашыя FM-станцыі сёньня проста абслугоўваюць музычныя ды эстэтычныя густы насельніцтва. І гэта нібыта адно з правілаў працы ў FM-дыяпазоне. Гэта як у рэклямным бізнэсе кажуць: "Сэнс рэклямы такі, каб падабацца таму, хто яе замаўляе".

На маю думку, спэцыфіка “Радыё 101,2” палягала ў тым, што радыё ішло супраць многіх правілаў. Так, цярпелі з гэтае прычыны фінансавыя цяжкасьці. Але мне здаецца, што мы ўсё ж выхоўвалі. Мы мелі місію. Мы ня ставілі ў эфір расейскай папсы толькі таму, што яе так горача любіць тутэйшае жыхарства.

І найгалоўнае — мы казалі па-беларуску. Гэта ня толькі маё меркаваньне, яго пацьвярджалі самыя розныя людзі, пра якіх увогуле было цяжка сказаць, што яны будуць слухаць FM-дыяпазон.

Пры гэтым, калі мы працавалі на нашай мове, не было ўражаньня змушанасьці ці нейкіх асацыяцыяў з калгасамі, саўгасамі, якія непазьбежна ўзьнікаюць, калі слухаеш дзяржрадыё ці глядзіш тэлевізію".

(Цыганкоў: ) "Пасьля закрыцьця ўладамі “Радыё 101,2” у беларускім радыёэфіры амаль нідзе не было чуваць беларускага року ды іншай неэстраднай музыкі.

Але апошнім часам беларускамоўная музыка ўсё часьцей зьяўляецца на FM-хвалях — і лідэрам тут "Радыё Рокс". Ды-джэй гэтага радыё Адам Старповіч тлумачыць падвышэньне цікавасьці да беларускай музыкі тым, што палепшала ейная якасьць"

(Старповіч: ) "Апошнія два гады большасьць беларускіх выканаўцаў, якія больш-менш прыстойна выконваюць музыку ў стылі рок, рок-н-рол, альтэрнатыва, выйшлі на нейкі прыстойны заходні ўзровень.

Безумоўна, у нас больш ведаюць расейскіх выканаўцаў, чымсьці сваіх, беларускіх. І гэта таму, што тыя больш разрэклямаваныя. У Расеі гэта бізнэс, а ў нас — аматарства, спалучанае зь бізнэсам. Людзей, якія працуюць у гэтай галіне, варта паважаць таму, што яны арыентуюцца найперш на мастацтва, а ўжо потым на нейкую камэрцыйнасьць.

І калі ў іх атрымліваецца мастацтвам зарабіць грошы, то гэта толькі вітаецца. І слухачы галасуюць за гэта.

Праект “Я нарадзіўся тут”, леташні праект “Калядны альбом “Сьвяты Вечар 2000” — вельмі ўдалыя. Песьня “Сьвяты Вечар” у выкананьні Памідорава — гэта ж быў супэргіт. Цягам двух калядных тыдняў пра яго ўсе згадваюць, і гэта абсалютна канкурэнтаздольная песьня.

Усе ведаюць песьню Джорджа Майкла “Last Christmas”. Гэтую песьню замаўляюць ужо не часьцей за песьню Памідорава".

(Цыганкоў: ) "Сяргей Сахараў лічыць, што зьяўленьне ў FM-эфіры музыкі беларускіх выканаўцаў сьведчыць пра пэўныя патрабаваньні беларускага слухача".

(Сахараў: ) "Слухач ужо стаміўся ад расейскай папсы, ад заходняй музыкі. Гэта тое ж, што было ў Расеі ў сярэдзіне 90-х, калі ўзьнялося “Русское радио”. І нават такія беларусафобныя станцыі як “Альфа-Радыё” (гэта, зразумела, маё суб’ектыўнае меркаваньне) — і яны пачынаюць браць у эфір нейкія беларускія калектывы.

Я думаю, што сёньня, калі б здарылася немагчымае й на рынак выйшаў нейкі цалкам беларускамоўны, нармальнай эўрапейскай якасьці прадукт, бяз гэтага ўсім ужо абрыдлага чырыканьня ў эфіры, з добрым густам — ён адразу заняў бы першую пазыцыю ў рэйтынгу. Гэтага чакае беларускі слухач. Людзі пачынаюць патрабаваць прадукцыю ўласнай вытворчасьці".

(Цыганкоў: ) "Зьяўленьне ўсё большай колькасьці радыёстанцыяў у беларускім FM-эфіры ды канкурэнцыя станоўча адбіваюцца й на якасьці гэтых мэдыяў.

Калі раней кожная зь існых радыёстанцыяў імкнулася падабацца ўсім адразу, дык цяпер яны змагаюцца за сваё месца, шукаюць уласнага слухача са сваімі непаўторнымі патрабаваньнямі. Калі б не ўмяшальніцтва дзяржавы, якая гвалтоўна зачыніла самую прафэсійную і адзіную беларускамоўную станцыю ў гэтым дыяпазоне, спажыўцы FM-эфіру мелі б сапраўдны й якасны выбар".
XS
SM
MD
LG