Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10-годзьдзе газэты "Белорусский рынок" — выданьне для дзелавых людзей у краіне, дзе няма бізнэсу


Вядучы: Віталь Цыганкоў

(Цыганкоў: ) "На мінулым тыдні прагрэсіўная журналісцкая грамадзкасьць Беларусі адзначала 10-годзьдзе газэты "Белорусский рынок". Фармальна кажучы, сам гэты юбілей адбыўся трошкі раней — газэта была заснаваная ў 1990 годзе, хаця рэгулярны выхад пачаўся летам 1991-га.

Мінулай жа пятніцай "Белорусский рынок" сьвяткаваў выданьне свайго ўнікальнага праекту — кнігі "Хроника несостоявшегося времени", аб'яднаўшы выхад кнігі з 10-мі ўгодкамі газэты. У "Хроніцы" сталыя аўтары штотыднёвіка падводзяць вынікі 1990-х для Беларусі.

Фактычна гэта першая спроба аўтарскага калектыву даць усебаковы аналіз дзесяцігодзьдзя, якое сьмела можна назваць эпохай. І як адзначае рэдактар "Белорусского рынка" Вячаслаў Хадасоўскі, сама назва кнігі — "Хроника несостоявшегося времени" — утрымлівае найгалоўную выснову, найгалоўную ацэнку гэтай эпохі.

Зрэшты, мы ня будзем у нашай праграме ацэньваць значэньне 1990-х для гісторыі Беларусі. Мы пагаворым пра "Белорусский рынок", адно зь першых незалежных выданьняў Беларусі. Якімі былі гэтыя 10 гадоў для газэты, якія пэрыяды былі найцяжэйшыя ў гісторыі штотыднёвіка? Ці зьмяніліся за гэты час журналісты газэты? Адказвае галоўны рэдактар Вячаслаў Хадасоўскі".

(Хадасоўскі: ) "Мы сталі больш асьцярожныя, больш прагматычныя. Нельга казаць, што прыйшло расчараваньне, але пэўны досьвед маем...

Напэўна, самыя цяжкія моманты былі, калі мы зразумелі, што той выбар, які зрабіла краіна, не зусім адпавядае нашай ідэалёгіі, нашым поглядам. Мы зразумелі, што краіна пачала рухацца ня ў тым кірунку і яўна пачала сыходзіць са шляху агульнацывілізацыйнага разьвіцьця.

Цяжкім годам быў 1998, калі быў фінансавы крызыс і мы, як і ўсе астатнія прадпрыемствы і ўсе астатнія газэты, шмат страцілі з пункту гледжаньня матэрыяльнага".

(Цыганкоў: ) "На каго было разьлічанае выданьне ад самога пачатку? Якім уяўляюць журналісты "свайго" чытача, як бачаць уласную, так бы мовіць, звышзадачу?"

(Хадасоўскі: ) "Ад пачатку газэта была разьлічаная на тых, хто жадае пераменаў. Гэта ня толькі й ня столькі бізнэсоўцы, а тыя людзі, якія думалі, што можна працаваць, можна рэалізаваць свае магчымасьці, свае здольнасьці, свае таленты незалежна ад дзяржавы, ад нейкай кіроўнай партыі.

Іншымі словамі — гэта была газэта лібэральнага кірунку, якая ставіла за мэту разьвіцьцё свабод. У тым ліку і свабод эканамічных.

У першыя гады свайго існаваньня мы спрабавалі тлумачыць асобныя катэгорыі рынкавай тэрміналёгіі — бо ў нашай гаспадарцы, нашай навуковай сыстэме іх нават мала ведалі. Зараз мы зноў больш зьвяртаемся да праблемаў палітычных, бо эканоміка стала вастрэйшай катэгорыяй палітыкі.

Нездарма зараз Лукашэнка асноўны цяжар сваёй прапаганды пераносіць на эканоміку. Ён спрабуе даказаць, што ў яго ёсьць пэўныя эканамічныя посьпехі, і ўсё, што ён абяцаў сваім выбаршчыкам выконваецца".

(Цыганкоў: ) "Многія называюць "Белорусский рынок" апалітычным выданьнем, якое, маўляў, наўмысна не ідзе на канфлікт з уладамі і пазьбягае скандальных сюжэтаў.

Тым ня менш, "БР", як і большасьць незалежных беларускіх мэдыяў, зьведвае прэсінг з боку дзяржавы — газэце ладзілі й праверкі, і дзяржаўныя чыноўнікі адмаўляліся даваць інтэрвію і гэтак далей. Як увогуле ладзіліся дачыненьні "Белорусского рынка" з уладамі?

Ці было, напрыклад, такое, што рэклямадаўцы вымушаныя былі адмаўляцца даваць рэкляму ў газэту?"

(Хадасоўскі: ) "Рэклямадаўцы самі не спрабавалі перакрыць для нас рэкляму, але гэта рабілі ўлады. Улады забаранялі рэклямадаўцам, у прыватнасьці дзяржаўным прадпрыемствам, даваць рэкляму ў незалежныя газэты.

Што тычыцца дачыненьняў з уладамі — гэтыя дачыненьні заўсёды былі няпростыя, і за Кебічам, і за Лукашэнкам. Напэўна, будуць няпростыя й пры любым іншым рэжыме.

Але я б не сказаў, што мы адыходзілі ад вострых тэм і пытаньняў. Мы пісалі літаральна пра ўсё, пра ўсе палітычныя падзеі — і пісалі досыць жорстка. Мне здаецца, што ўлады ня столькі баяцца палітыкі, колькі жорсткай эканамічнай праўды — зараз гэта асабліва небясьпечна для рэжыму, для ўладаў".

(Цыганкоў: ) "Зрэшты, зараз, як адзначае Хадасоўскі, ў дачыненьнях з уладамі зьявіліся новыя тэндэнцыі. Усё часьцей самі прадстаўнікі міністэрстваў ды іншых структураў зьвяртаюцца да журналістаў газэты па дапамогу.

Чыноўнікі альбо наўмысна даюць пратачыцца важнай інфармацыі альбо літаральна просяць раскрытыкаваць нейкі праект рашэньня Савету міністраў ці законапраект так званага парлямэнту. Пэўная частка беларускай намэнклятуры сёньня разумее, што незалежная й прафэсійная прэса патрэбная ім больш, чым астатняму грамадзтву".

(Цыганкоў: ) "Магчыма, пэўная частка беларускай намэнклятуры нарэшце (напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў) зразумела важнасьць існаваньня незалежных мэдыяў, аднак апошнія 5 гадоў найвышэйшае кіраўніцтва дзяржавы апантана змагаецца са свабодай слова.

Беларускія бізнэсовыя выданьні тут не выключэньне, яны разам зь іншымі знаходзяцца сёньня ў крызысным стане.

Пераарыентацыя беларускай эканомікі на "рынкавы сацыялізм", дзяржаўная палітыка зьнішчэньня незалежнага прадпрымальніцтва закранула іх у найбольшай ступені. Недзе ў летуценным мінулым, у блаславённых 1993–1996 гадох, засталіся прыстойныя паводле беларускіх мерак заробкі, вялізныя аб’ёмы рэклямы й адпачынкі журналістаў за кошт газэты.

Сёньня дзелавыя выданьні перажываюць беспрэцэдэнтныя за ўвесь час свайго існаваньня перамены. .Калі звужваецца кола прадпрымальнікаў, гэта значыць, што для выданьня ёсьць толькі два шляхі — ці спрабаваць выжыць, арыентуючыся толькі на гэтае кола й памяншаць наклад ці спрабаваць заваяваць новыя групы чытачоў.

Такія газэты як "Белорусская деловая газета" і "Белорусская газета" вырашылі фактычна зьмяніць свае канцэпцыі, пераўтварыўшыся зь дзелавых выданьняў у грамадзка-палітычныя.

І толькі "Белорусский рынок" застаўся ў пэўным сэнсе кансэрватыўным салідным эканамічным выданьнем. Гэта адзначаюць і журналісты газэтаў, якія можна лічыць канкурэнтамі "Рынку".

Гаворыць аглядальнік БДГ у справах эканомікі Вадзім Сеховіч".

(Сеховіч: ) "Белорусский рынок" заўсёды адрозьнівае высокі ўзровень прафэсіяналізму, асабліва ягоных аналітычных матэрыялаў. На жаль, аналітыкі сёньня не хапае многім. Галоўнае, што вызначае газэту — гэта стабільнасьць".

(Цыганкоў: ) "Тое, што "Белорусский рынок" застаецца па-свойму кансэрватыўным выданьнем, якое не зьмяняе прынцыпам аналітычнасьці й бесстароннасьці й не ўдзельнічае ў палітычных бітвах, гаворыць і карэспандэнт агенцтва "БелаПАН" Аляксей Арэшка".

(Арэшка: ) "Штотыднёвік "Белорусский рынок" я вылучаю зь іншых падобных выданьняў эканамічнай тэматыкі найперш таму, што гэта газэта стваралася як аналітычнае выданьне й такім застаецца дагэтуль.

Мне падабаецца ўзважаны падыход аўтараў да тэмаў, а таксама разнастайнасьць... Прыемна, што "Белорусский рынок" не ператвараецца ў "бак" для зьліваньня кампрамату, як гэта адбываецца зь некаторымі іншымі выданьнямі сацыяльна-эканамічнай тэматыкі".

(Цыганкоў: ) "Ці апраўдвае сябе цяпер стаўка на сур'ёзнасьць і аналітычнасьць? Ці ня думае рэдакцыя мяняць фармат газэты, ісьці на пэўныя кардынальныя перамены? Гаворыць рэдактар "БР" Вячаслаў Хадасоўскі".

(Хадасоўскі: ) "Я б не казаў, што мы імкнемся стаць толькі сур’ёзнай газэтай. Мы імкнемся стаць газэтай аб’ектыўнай, якае дае найбольш поўную, рознабаковую й вычарпальную інфармацыю. Ці будзем мы выданьнем нейкага іншага кірунку — пакажа час.

Мне здаецца, што зараз у краіне няма газэты, якую можна цалкам назваць прафэсійнай, якая б не была нейкай адной партыйнай накіраванасьці або адной ідэалягічнай накіраванасьці. На мой погляд, няма аніводнай газэты, якая б давала поўную панараму міжнародных падзеяў, якая б цалкам давала падзеі ў эканамічным пляне. Наша газэта спрабуе рабіць гэта, але, на жаль, не хапае часу, не стае сілаў, бракуе матэрыяльных сродкаў, каб даць поўную панараму.

Мы плянавалі, і не пакідаем гэтай думкі, пашырыць нашу газэту, павялічыць колькасьць выхадаў газэты — больш за тры разы на тыдзень. Але гэта будзе залежаць ад эканамічнага стану газэты, а калі глядзець глыбей — то ад эканамічнага стану нашай краіны".

(Цыганкоў: ) "Сёньня ў Беларусі захоўваць аб’ектыўнасьць і незаангажаванасьць для прэсы амаль немагчыма. Больш за тое, многія, калі ня большасьць незалежных журналістаў якраз кажуць, што прэса сёньня мусіць выразна падтрымліваць пэўныя палітычныя сілы, браць актыўны ўдзел у палітычнай барацьбе.

"Белорусский рынок" зь ягонай аналітычнасьцю, адстароненасьцю выглядае ці ня белай варонай на тле рознакаляровых фарбаў беларускіх мэдыяў. Але прыхільнікі белых варонаў могуць зазначыць, што белы колер — ён найчысьцейшы".
XS
SM
MD
LG