Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Свободные новости” — жоўтая прэса ці папулярнае выданьне для кожнага? З нагоды 10-ці годзьдзя выданьня


Віталь Цыганкоў, Менск

10-годзьдзе газэты “Свободные новости”


(Цыганкоў: ) "Пачатак 1990-х можна назваць часам нараджэньня сучаснай незалежнай беларускай прэсы. 1990 год — “Свабода”, 1991 год — “Пресс-бол”, “Белорусский рынок”, “Свободные новости”.

Газэты, што тады нарадзіліся, дагэтуль трымаюць лідэрскія пазыцыі на рынку беларускіх мэдыяў. Атмасфэру, у якой зьяўлялася беларуская недзяржаўная прэса, узгадвае галоўны рэдактар “Свободных новостей” Аляксандар Уліцёнак".

(Уліцёнак: ) "Грамадзтва тады чакала адкрытага, шчырага, вольнага слова. Людзі хацелі ведаць, што робіцца ў сьвеце, без цэнзуры. Мы былі запатрабаваныя гэтым грамадзкім жаданьнем праўды, шчырасьці, вольнага слова. Таму здолелі стаць канкурэнтаздольнымі, зацьвердзіцца ў гэтым жыцьці, на гэтым вельмі жорсткім рынку мэдыяў.

Што тычыцца “Свободных новостей”, дык прычына нашай папулярнасьці тая, што мы ад пачатку арыентаваліся на стварэньне выданьня пазапартыйнага. Мы рабілі выданьне для грамадзтва, якое жыло ў чаканьні й няведаньні — што ўяўляюць тыя або іншыя сілы.

Мы не аддавалі перавагі нікому, мы паказвалі ўвесь спэктар як палітычных, гэтак і эканамічных нюансаў, а таксама дазвалялі рабіць нейкія маральныя высновы. Гэта забясьпечыла цікавасьць да нас.

Я ганаруся, што шэсьць гадоў таму наклад “СН” дасягнуў 103 000 асобнікаў — гэта абсалютны рэкорд для незалежнага масава-палітычнага выданьня".

(Цыганкоў: ) "Нехта палічыць парадоксам, што непартыйную незалежную газэту яшчэ за Савецкім Саюзам пачаў рабіць карэспандэнт газэты “Правда” — органу ЦК КПСС".

(Уліцёнак: ) "Я зь вялікай ўдзячнасьцю ўспамінаю сваю працу ў цэнтральным органе Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу, бо ў “Праўду”, кажу зусім шчыра, ішлі людзі дзьвюх катэгорыяў — адны паводле крытэраў творчага росту, другія дзеля партыйнай ці палітычнай кар'еры. Я быў зь першых, і такіх, як я, у “Праўдзе” было вельмі шмат.

Нагадаю, што ў “Праўдзе” працаваў і Ягор Гайдар, і Юры Чарнічэнка, і шмат хто яшчэ...

А тое, што я перайшоў у “СН”, амаль што стварыў гэтую газэту, тут няма нічога дзіўнага. Я ўзгадваю, як аднойчы мы размаўлялі зь Вінцуком Вячоркам і ён выказаў вельмі цікавую, вострую й балючую думку: “Вось я — сын партыйнага функцыянэра, і гэта так дрэнна для дэмакратычнага жыцьця, што такія людзі, як я, у гэтым сэнсе вельмі прыступныя, вымушаны ствараць асновы нашай дэмакратыі”. Але ж некаму трэба гэта рабіць, нягледзячы на ўсе нюансы нашай біяграфіі, мы робім адну справу — ствараем нашу дэмакратычную Беларусь".

(Цыганкоў: ) "Пік папулярнасьці “Свободных новостей” быў у сярэдзіне 1990-х, калі людзі спадзяваліся на перамены. Шмат хто зьвязваў іх зь першым беларускім прэзыдэнтам. Аднак здарылася адваротнае — пачаўся адкат ва ўсіх сфэрах грамадзка-палітычнага жыцьця й наступ уладаў на незалежную прэсу.

Для большасьці недзяржаўных выданьняў з-за адміністрацыйнага ўціску і адсутнасьці рэклямадаўцаў надышоў цяжкі час. Ведаю, што й журналісты “СН” атрымлівалі ў 1995 годзе ненашмат болей, чым можа плаціць выданьне цяпер сваім супрацоўнікам. Біяграфія “СН” выдатна адлюстроўвае тыя арэлі, на якіх матлялася ўсе гэтыя 10 гадоў беларуская недзяржаўная прэса".

(Уліцёнак: ) "Наш наклад ад 103 000 асобнікаў скаціўся да 7 000 з-за штрафных санкцыяў супраць нашага выданьня, якія былі санкцыянаваныя паводле палітычнай наводкі. З 7 000 за часам Лукашэнкі мы падняліся да 65 000 асобнікаў. Потым былі вымушаныя, дзесьці год таму, зьехаць да 25 000 асобнікаў.

Але літаральна за два апошнія месяцы мы павялічылі наклад на 12 000 асобнікаў, і зараз наш наклад — каля 40 000. Нацяпер гэта вельмі добры наклад, а калі паглядзець, што за шэсьць гадоў нас туды-сюды кідала, дык я вам скажу — каб выжыць ды застацца ўплывовым і масавым выданьнем (40 000 асобнікаў — гэта ня жартачкі), трэба мець вялікі творчы патэнцыял і сапраўдную цікавасьць да вольнага, незалежнага, справядлівага, сумленнага слова з боку грамадзтва".

(Цыганкоў: ) "Некаторыя журналісты сьцьвярджаюць, што “Свободные новости” гэткія папулярныя менавіта дзякуючы "чарнушным" тэмам, “клубнічцы” — сэксу, цудадзействам, крыміналу, жыцьцю зорак.

Намесьнік рэдактара газэты “Народнай волі” Анатоль Казловіч друкаваўся ў “Свободных новостях” апошнія тры гады і захаваў вельмі прыязныя ўспаміны пра гэтае выданьне й ягоны калектыў. Аднак жа Казловіч не хавае, што яму ня ўсё падабаецца ў “Свободных новостях”.

(Казловіч: ) "Другая частка газэты мне вельмі не падабаецца, пра што я ня раз казаў Уліцёнку. Не падабаецца “чарнуха”, гэтыя голыя азадкі, якімі газэта іншым разам хоча ўразіць чытача. Не падабаюцца частыя перадрукоўкі.

Калі напраўду паспрабаваць вызначыць інфармацыйную нішу, якую займаюць “Свободные новости”, дык мне здаецца, гэтага ня ведае нават галоўны рэдактар газэты. Мяркую, што такі разумны чалавек, як Саша Ўліцёнак, знаходзіцца ў пошуку, і вось гэтая “чарнуха” ў другой частцы газэты — гэта ягоная рэдактарская хітрасьць (пра гэта я, дарэчы, неяк пісаў у прэсе).

Гэтая хітрасьць ставіць за мэту заманіць чытача — кінуць яму кручок, гэтыя голыя азадкі, а потым чытач, прачытаўшы другую частку газэты, зьверне ўвагу й на першую частку, якая робіцца з густам, усур'ёз. Гэтую частку я высока стаўлю, бо гэта добрая журналістыка, публіцыстыка — дарэчы, я там і друкаваўся. Калі б мае матэрыялы ставілі ў другую частку выданьня, дык я быў бы нязгодны".

(Цыганкоў: ) "Аднак рэдактар “Свободных новостей” Аляксандар Уліцёнак лічыць, што гэта своеасаблівае мастацтва — сумяшчаць сур'ёзную тэматыку з гэткім лёгкім “чытвом”.

(Уліцёнак: ) "Насамрэч усё прасьцей. “Клубнічка”, НЛА, сьпірытызм, сэкс, садызм, акультызм, цудадзейства а-ля Кашпіроўскі й Чумак — гэта ўсё было запатрабавана грамадзтвам напачатку ягонага разьняволеньня ў 1991-1994 гадах.

Тады людзі хацелі гэткай дрэні пасьля камуністычнай мерцьвячыны, і мы ішлі ім насустрач. Пры гэтым скажу зусім сумленна — мы намагаліся паказаць чытачам, дзе тут зерне, а дзе шалупіньне.

Між іншым, гэта было свайго рода мастацтва — спалучаць сур'ёзную палітычна-эканамічную тэматыку з так званым “чытвом”. Мяркую, мы здолелі быць на вышыні. Зусім не “клубнічка” захапіла нашага чытача — мы заваявалі яго творчым падыходам і пільнай увагай да таго, што хацеў бачыць, чуць наш чытач".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, “Свободные новости” наўрад ці можна назваць клясычным прыкладам жоўтай прэсы. Рэдактарка газэты “Беларуская маладзёжная” Тацяна Мельнічук выказвае свае пажаданьні юбілярам".

(Мельнічук: ) "Вядома, “Свободные новости” — гэта ня жоўтая прэса, гэта сур'ёзьней. Мне падаецца, што нават сапраўдная наша жоўтая прэса значна сур'ёзьней за тое, што прынята называць гэтым тэрмінам. А “Свободным новостям” я зычу нашай і вашай свабоды. Мне падабаецца гэтае выданьне, ня ўсё адназначна, але добра, што яно ёсьць. Нас павінна быць многа — добрых і розных.

(Цыганкоў: ) "Дык як урэшце вызначыць “Свободные новости”? Якія стылёвыя межы гэтага выданьня? Зразумела, што гэта не сур'ёзная кансэрватыўная газэта, як, прыкладам, “Washington Post”. Але гэта й не тыповая жоўтая прэса кшталту брытанскай “Sun”.

Як бы сам рэдактар вызначыў месца свайго выданьня на рынку беларускай прэсы?"

(Уліцёнак: ) "Мы не займаем пэўнай нішы. Але ня робім гэтага таму, што само наша грамадзтва сёньня ня можа вызначыцца.

Мы імкнемся быць масавым грамадзка-палітычным выданьнем. Гэта патрабуе пэўнай няпэўнасьці — парадокс, але ж такія стандарты ў грамадзтва. Магчыма, мы маглі б быць больш дакладныя недзе, больш акрэсьленыя, але ня робім гэтак, бо нас не зразумеюць людзі, нас не зразумеюць чытачы.

Падкрэсьлю, што моц “Свободных новостей” цягам 10 гадоў была ў тым, што мы арыентаваліся на тых, хто нас чытае, глядзелі, чаго ад нас хочуць людзі. Мы імкнуліся быць наперадзе і весьці за сабой чытацкую аўдыторыю. Але дыстанцыя паміж намі, якія наперадзе, і чытачамі, што крыху ззаду, не павінна быць вялікай. Гэта і складана, і проста".

(Цыганкоў: ) "Як на маю думку, “Свободные новости” прэтэндуюць на даволі ўнікальную ролю выданьня для ўсіх, так і не аддаўшы перавагі нейкай сацыяльнай групе альбо адной вызначанай тэматыцы.

Выглядае, што пры цяперашнім незайздосным узроўні нашых незалежных мэдыяў гэта даволі выйгрышная стаўка. Сярэдні чытач сёньня ня можа дазволіць сабе выпісваць адразу некалькі выданьняў. Ён хоча, каб у адной газэце было ўсё — і палітыка, і крымінал, і спорт. І нават голыя азадкі".

XS
SM
MD
LG