Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе жаночая журналістыка?


Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Пра што сьведчыць гэты факт? Ці значыць гэта, што жаночая журналістыка існуе асобна ад журналістыкі мужчынскай? Цывілізаваны сьвет усё больш пераймаецца палітычнай карэктнасьцю, і такое пытаньне здаецца цяпер рызыкоўным.

Зрэшты, большасьць беларусаў пакуль не баіцца парушыць пастуляты гэтай самай паліткарэктнасьці — проста ня ведае іх. Так што пытаньне “Ці існуе жаночая журналістыка?” даволі спакойна ўспрымаюць беларускія жанчыны ды іранічна-паблажліва — многія мужчыны.

Намесьніца рэдактара “Белорусской деловой газеты” Ірына Халіп лічыць, што “жаночую журналістыку” прыдумалі зайздросныя мужчыны".

(Халіп): "Мне здаецца, што не існуе жаночай журналістыкі, як не існуе жаночага кіно, жаночай літаратуры, жаночага жывапісу. Хіба можна сказаць, што Вірджынія Вульф — гэта жаночая літаратура, а фільмы Ларысы Шэпіцькі — жаночае кіно? Вядома ж, не.

Здаецца мне, што ўсе гэтыя словазлучэньні прыдумалі зайздросныя мужчыны, якія ня могуць перажыць посьпехаў жанчын".

(Цыганкоў: ) "Рэдактарка беларускага выпуску газэты “Известия” Сьвятлана Карпекава была ня гэткай катэгарычнай, адказваючы на пытаньне: ці ёсьць жаночая журналістыка".

(Карпекава): "Калі гэтак спыталіся ў заходняй жанчыны-журналісткі, яна б, відаць, учыніла нейкі скандал. У нас да гэтага ставяцца больш ляяльна, тут нельга адназначна адказаць на гэтае пытаньне — ці ёсьць яна, ці няма яе.

З аднаго боку ёсьць, а з другога — няма. Калі я кажу, што няма жаночай журналістыкі, я маю на ўвазе, што ёсьць цікавыя аўтары, ёсьць цікавы погляд на гэты сусьвет, таму гэта ня так ужо важна, хто робіць — жанчына альбо мужчына. Таму я б не падзяляла журналістыку па полавых прыкметах.

З другога боку, калі мы гаворым пра сьветаўспрыманьне, жанчына імкнецца менш жорстка пісаць пра нейкія рэчы. Значыць, яна пазьбягае нейкіх вострых, скандальных палітычных тэмаў, нейкіх жорсткіх абвінавачваньняў.

Можа, жанчына выбірае часьцей тэмы, зьвязаныя з сацыяльным жыцьцём, зь нейкімі чалавечымі дачыненьнямі, пачуцьцямі, праблемамі ў сям’і, у соцыюме, праблемамі дзяцей, тэмамі, якія ляжаць па-за межамі ўласна-палітычнай дзейнасьці.

Палітычная аналітыка й палітычныя гульні ў журналістыцы — збольшага гэтым займаюцца мужчыны. Таму я б магла падзяліць журналістыку на жаночую й мужчынскую".

(Цыганкоў: ) "Часам, ацэньваючы нейкі палемічны ці публіцыстычны матэрыял, напісаны жанчынай, іншы мужчына возьме ды й паставіць дасьціпную, як яму здаецца, кропку: “Ну што тут казаць — жаночая журналістыка”.

Ён ня думае казаць пра ніжэйшую якасьць ці непрафэсійнасьць гэтага матэрыялу. Проста хоча сказаць, што жаночая публіцыстыка — гэта зьява, у якой пераважаюць эмоцыі, а не аналіз. Але Ірына Халіп гаворыць, што сьвядома выяўляе эмоцыі ў сваіх матэрыялах".

(Халіп: ) "Эмацыйнасьць я выкарыстоўваю наўмысна. Я ведаю, што гэта надае больш яскравасьці матэрыялам, і я ня бачу ў гэтым нічога жаночага — гэта проста прафэсійны прыём.

Хтосьці карыстаецца іншымі сродкамі. Думаю, што я знайшла такую магчымасьць аздабляць свае матэрыялы. Ня трэба падзяляць матэрыялы на жаночыя й мужчынскія, бо аўтарства мы прывыклі зьвязваць з канкрэтнымі прозьвішчамі, а ня з полавай прыналежнасьцю аўтараў".

(Цыганкоў: ) "У Беларусі багата жанчын-журналістак, якія сталі сапраўднымі зоркамі ў сваіх выданьнях. Сьвятлана Карпекава ўпэўненая, што пра непалітычныя тэмы менавіта жанчыны пішуць цікавей і разнастайней".

(Карпекава): "У нас шмат жанчын-зорак, жанчын, якія цікава пішуць. Яны проста менш пішуць пра палітыку. Пра палітыку больш пішуць мужчыны, і яны, можа, больш маюць падставаў для гэтага, гэта больш іхныя правілы гульні.

Жанчын-журналістак шмат. Мне здаецца, што тэмы, якія традыцыйна асьвятляюць жанчыны, — там найцікавейшыя матэрыялы менавіта ў жанчын, а не ў мужчынаў".

(Цыганкоў: ) "У Беларусі даволі многа яркіх і прыкметных жанчын-журналістак. Аднак можна заўважыць, што жанчыны найчасьцей прадстаўленыя ў больш простых журналісцкіх жанрах — нататка, інфармацыйнае паведамленьне. Ня так часта жанчыны працуюць у палітычнай аналітыцы й публіцыстыцы.

Чаму? Я спытаўся ва ўдзельніц сёньняшняй перадачы — ці няма ў іх адчуваньня, што жанчыны знаходзяцца ў пэўным журналісцкім гета, якое абмяжоўваецца жанрам інфармацыі, сацыяльных, побытавых, сямейных тэмаў?

Да жанчын у палітычнай аналітыцы калегі-мужчыны часам ставяцца даволі паблажліва. Хто стварае гэтыя нябачныя абмежаваньні — самі жанчыны, якія не рызыкуюць брацца за палітычныя тэмы, альбо мужчыны, якія іх туды не пускаюць?"

(Карпекава: ) "Зноў жа, нельга сказаць адназначна. Ад пачатку гэтую нішу, дзялянку захапілі ўсё ж мужчыны. Вы маеце рацыю, калі гаворыце, што яны даволі паблажліва ставяцца да жанчын, якія пішуць пра палітыку.

Хаця я гаварыла, што жанчыны выбіраюць больш мяккія тэмы, сама, дарэчы, пішу пра палітыку.

Безумоўна, ёсьць клян прафэсійны — мужчынскі, мужчынская салідарнасьць. Жанчынам вельмі рэдка даводзіцца трапляць у гэты шэраг мужчынскі, у гэтую каманду. Калі мы зараз пералічым, прыкладам, расейскіх ці беларускіх палітычных аглядальнікаў, аналітыкаў, — амаль усе будуць мужчыны. Рэдка калі можна назваць жанчыну".

(Цыганкоў: ) "Ірына Халіп жа лічыць, што перавага мужчынаў у палітычнай аналітыцы складалася гістарычна".

(Халіп): "Я думаю, жанчыны не баяцца нікуды лезьці, проста гэта пачалося даўно, яшчэ за савецкім часам. Вы ж памятаеце — на савецкім тэлебачаньні не было аніводнай жанчыны-палітычнага камэнтатара.

Мы прывыклі да мужчынаў. Калі журналістыка пачала мяняцца разам з палітыкай, разам зь дзяржаўнымі працэсамі, пазыцыі ў палітычнай журналістыцы працягвалі трымаць мужчыны, і жанчынам вельмі цяжка было праціснуцца туды, дзе, здавалася, ужо ўсё занята".

(Цыганкоў: ) "Дык што рабіць, каб і жанчыны-журналісткі сталі зоркамі ня толькі ў матэрыялах пра выхаваньне дзяцей, але і ў палітычнай аналітыцы? Ці павінны жанчыны самі заваёўваць месца ў не заўжды прыязнай мужчынскай грамадзе? Ці мусяць чакаць, пакуль прадстаўнікі моцнага полу пасунуцца?

Дарэчы, менавіта Ірына Халіп была той адзінай жанчынай у дзясятцы найлепшых беларускіх палітычных аналітыкаў — у тым самым сьпісе, што я згадаў напачатку перадачы".

(Халіп): "Памятаеце Ільфаву фразу “Выратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў”? На жаль, жанчыны таксама вінаватыя ў тым, што мужчыны імкнуцца не пускаць іх да нейкай галіны, дзе жанчыны маюць што сказаць.

Ня трэба падпарадкоўвацца мужчынам. Жанчынам дводзіцца падпарадкоўвацца мужчынам у сям'і ці ў асабістым жыцьці. Прафэсійная дзейнасьць — у ёй няма мужчынаў і жанчын; ёсьць прафэсіяналізм, ёсьць талент, ёсьць адзінае: ці можаш штосьці сказаць, ці можаш што зрабіць у гэтай галіне, ці не?

І калі маеш што сказаць, то ўжо ня мае аніякага значэньня — жанчына ты, мужчына, стары чалавек, падлетак увогуле. Я думаю, жанчыны самі павінны лезьці туды, куды іх ня хочуць пускаць. Я ж пралезла".

(Цыганкоў: ) "Гэтыя словы, на маю думку, справядлівыя ня толькі для журналістыкі. У заходніх краінах жанчыны ўжо складаюць часам больш за палову парлямэнту, таму ня дзіва, што найлепшай журналісткай CNN усе прызнаюць менавіта жанчыну — Крысьціян Аманпур.

Ступень удзелу жанчын у журналістыцы, верагодна, адпавядае ступені іхнага ўдзелу ў астатніх важных сфэрах жыцьця — эканоміцы, палітыцы, бізнэсе. Хацелася б, каб беларускія журналісткі не чакалі “непазьбежнай перамогі гістарычнага прагрэсу”, але ўласным прыкладам прысьпешвалі гэты працэс".




XS
SM
MD
LG