Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦЬ ПАДЛЕТКАЎ РАСПАЧАТАЯ КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА ЗА ГРАФІЦІ


Галіна Абакунчык, Менск

Артыкул 341, паводле якога распачатая крымінальная справа, прадугледжвае пакараньне ў выглядзе грамадзкіх працаў, штрафу альбо пазбаўленьня волі да трох месяцаў.

Больш за суткі праведзеныя пад арыштам, а таксама распачатая крымінальная справа сталі для падлеткаў вялікім псыхалягічным выпрабаваньнем. Кацярына Клімко кажа, што яе таксама ўразіла і камэра, у якой яна знаходзілася адна, але найбольш — грубасьць міліцыянтаў яшчэ ад пачатку затрыманьня. Вось што яна распавяла ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Клімко: ) “Яны, напэўна, спалохаліся, пачалі крычаць, што калі мы вас яшчэ раз пабачым, то ўсё. Казалі, што нават мэдычная дапамога табе больш ніколі не спатрэбіцца, калі яшчэ нешта скажаш. Пагрозы былі такія, пагражалі… Яны таксама разумеюць, што я нічога такога дрэннага не зрабіла, проста яны баяцца, што новае пакаленьне будзе не такім, як яны. Таму яны робяць усялякія, нават бяспраўныя дзеяньні, каб гэтага не было”.

Падчас вызваленьня падлеткаў у пастарунак былі выкліканыя бацькі, а таксама настаўнікі каледжаў, у якіх яны вучацца. Таму сёньня Кацярына нават не адважылася пайсьці на заняткі. Маці студэнткі, Ала Клімко, кажа, што яе дачцэ цяпер неабходная дапамога псыхоляга і вельмі непакоіцца за далейшы лёс дзяўчыны. Гаворыць Ала Клімко:

(Клімко: ) “Па месцы вучобы ўжо ўсё вядома. Вось выключаць яе — і куды нам далей падзецца? Вы ж разумееце, якая палітыка нашай дзяржавы! Яна ж не пісала проста “Зубр”, а пісала “Свабоду Марынічу”. Чаму ж яны іх спачатку адпусьцілі, а затым вярнулі? Бо пабаяліся адказнасьці. Напісалі бы гэта ў Расеі — і нікому нічога за гэта не было бы, пішыце што хочаце. А ў нас жа такое ня пройдзе”.

У тым, што крымінальная справа распачатая з прычыны палітычнага характару правапарушэньня, перакананы і адвакат дзяўчыны Аляксандар Гапіеў.

(Гапіеў: ) “Гэтая справа ўсё ж такі крымінальная, і складнік крымінальнага правапарушэньня тут ёсьць. Але ўвага да гэтай справы зьвязаная са зьместам тых надпісаў, якія былі зробленыя. Бо ўсё ж гэта тычыцца справаў палітычных. Калі бы зьмест надпісаў быў іншым — не было б і такой увагі, каб не было такіх надпісаў”, — мяркуе адвакат Аляксандар Гапіеў.

Пагутарыць з Максімам Громавым сёньня не ўдалося. Аднак, паводле аднаго зь лідэраў руху “Зубр” Яўгена Афнагеля, зьбіты міліцыянтамі падлетак разам з актывістамі руху рыхтуецца прыцягнуць да судовай адказнасьці тых, хто яго зьбіваў.
XS
SM
MD
LG