Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАКУРАТУРА МЕНСКУ ДАПЫТАЛА АНАТОЛЯ ЛЯБЕДЗЬКУ


Галіна Абакунчык, Менск

Яна была распачатая ў сакавіку паводле артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў. Падставай для крымінальнага перасьледу лідэра АГП сталася ягонае інтэрвію праграме “Зеркало” расейскага тэлеканалу, падчас якога спадар Лябедзька крытыкаваў кіраўніка Беларусі. Анатоль Лябедзька заяўляе пра палітычную матываванасьць гэтай справы.

Анатоль Лябедзька перакананы, што крымінальную справу ўлады вядуць з мэтай ягонай ізаляцыі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. І таму не выключае, што кожны ягоны візыт у пракуратуру можа завершыцца арыштам. Лідэр АГП мяркуе, што сёньня гэтак ня здарылася таму, што ён папярэдзіў сьледчага пра свае хуткія сустрэчы на высокім узроўні ў Бэрліне і Брусэлі і што ягоны арышт справакуе палітычны скандал. Гэткім чынам допыт будзе прадоўжаны на наступным тыдні ў зьвязку з патрэбаю збору дадатковых матэрыялаў, неабходных сьледзтву, — паведаміў у інтэрвію Свабодзе Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Сьледчы зрабіў пералік пытаньняў: на некаторыя я адказаў адразу, а па некаторых сказаў, што буду гатовы адказваць, калі атрымаю дадатковую інфармацыю зь дзяржаўных структураў. Гэта будуць звароты ў Міністэрства фінансаў і ўрад, а пытаньні будуць датычыць тых грошай, якія паводле экспэртаў знаходзяцца ў “ценявым” бюджэце і выпадаюць з-пад увагі грамадзкага і парлямэнцкага кантролю”.

Паводле спадара Лябедзькі, атрымаць адказы на свае запыты ў вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы Беларусі спадзяваньняў няма, але ня выключана, што афіцыйную інфармацыю паводле гэтай крымінальнай справы дадуць уладныя структуры Расеі й іншых краінаў. Хоць насамрэч збор доказаў у ходзе сьледзтва павінны быць клопатам з боку вінаваўцы, — кажа адвакат палітыка Павал Сапелка.

(Сапелка: ) “Пракуратура, па сутнасьці, прапанавала нам несьці цяжар даказваньня, хаця, па-мойму, гэта не зусім правільна. Але зь іншага боку, каб гэтая справа была разгледжаная аб’ектыўна, мы гатовыя пракуратуры дапамагчы ў гэтым цяжкім мерапрыемстве і нешта прэзэнтаваць самім”.

Нагадаю, што паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу аб абароне гонару і годнасьці прэзыдэнта, на два і паўтара году абмежаваньня волі былі асуджаныя журналісты Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, на два гады — журналіст і палітык Віктар Івашкевіч, два гады ўмоўнага зьняволеньня атрымала грамадзкая актывістка Аксана Новікава. Гэтаксама за зьнявагу прэзыдэнта цяпер знаходзіцца пад арыштам лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі.
XS
SM
MD
LG