Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕРЫЯ ЛЕВАНЕЎСКАГА АБВІНАВАЦІЛІ Ў АБРАЗЕ ЛУКАШЭНКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Марыне Леванеўскай, жонцы Валерыя, учора перадаць яму патрэбныя рэчы не ўдалося. Пакуль сьледчы даў дазвол на гэта, Валерыя перавялі ў сьледчы ізалятар. А тут жонка сутыкнулася з тым, што туды можна перадаць за месяц ня больш як 30 кіляграмаў харчоў і рэчаў. А Валеры папрасіў перадаць кнігі, якія важаць нямала. Увогуле для сям’і сталася ўдарам тое, што яго ня выпусьцілі на волю, усё ж у Леванеўскіх чацьвёра дзяцей. Гаворыць Марына Леванеўская:

(Леванеўская: ) “Што тут рабіць? Я кажу: як навалілася гэта ўсё. Дома процьма праблемаў, але нічога, я спраўлюся. Абы толькі свае не перашкаджалі, а то пачынаюць нудзіцца. І я ўжо, як псыхатэрапэўт, пачынаю ўсіх супакойваць. Набіраюся цярплівасьці і сілаў. Праўда, пры канцы дня ўжо ўсё — як быццам зь мяне ўсе сілы павыцягвалі. Нічога, нармальна, справімся, галоўнае, што вось кожны дзень трэба праз адваката кантактаваць, а сустрэчу, сказаў сьледчы, можна толькі прасіць пасьля 26 траўня”.

Сёньня Марына Леванеўская займаецца складаньнем скаргаў. Яна хоча, каб сям’і вярнуліся забраныя падчас ператрусу кампутары, якія патрэбныя сынам-студэнтам. Каб вярнуліся сямейныя відэакасэты, у тым ліку са здымкамі шлюбу, а таксама вялікую колькасьць музычных дыскаў. Ці вернуць — пакуль невядома. А вось наконт зламаных падчас ператрусу дзьвярэй у кватэру ёй сказалі адназначна — усё, маўляў, паводле закону. Так што рамантаваць дзьверы, хутчэй за ўсё, давядзецца самім.
XS
SM
MD
LG