Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВАРАЛЬНІКІ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ СУДЗЯЦЦА ЗЬ МІНІСТЭРСТВАМ ЮСТЫЦЫІ


Уладзімер Глод, Менск

Амаль паўтары тысячы заснавальнікаў незарэгістраванай пакуль палітычнай партыі, што прадстаўляюць тую сярэднюю клясу, якая ў Беларусі яшчэ не сфармавалася — гэта інжынэры, лекары, пэдагогі, выкладчыкі.

Міністэрства юстыцыі, як лічаць кіраўнікі партыі, палічыла нязначныя парушэньні прынцыповымі і на гэтай падставе адмовіла ім у рэгістрацыі. Прадстаўнікі міністэрства ў адказ прывялі шэраг недакладнасьцяў, якія яны знайшлі пры праверцы пададзеных дакумэнтаў: у прыватнасьці, некаторыя ўдзельнікі ўстаноўчага зьезду не пацьвердзілі сапраўднасьці сваіх подпісаў, частку дакумэнтаў аформілі зь недакладнасьцямі, у некаторых выпадках парушаліся абавязковыя для партыйных форумаў працэдуры. Напрыклад, адной з мэтаў партыі называлася вылучэньне партыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Аднак вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты палітычнымі партыямі заканадаўства Беларусі не прадугледжвае.

Намесьнік старшыні незарэгістраванай партыі, апэратар “Белвадбуду” Мікалай Наско гаворыць, што ініцыятары будуць шукаць іншага спосабу рэгістрацыі партыі:

(Наско: ) “Я думаю, што ў нашай дзяржаве нешта трэба рабіць. Каб усю нашую коснасьць, нашую інэрцыю зьняць, каб яе перамагчы, патрэбныя вельмі вялікія намаганьні. Але дыскрэдытаваць сваю маці, казаць, што яна дрэнная, нікому не дазваляецца. Кожны мусіць казаць: мая маці — самая лепшая. Але каб яна сапраўды была самай лепшай, трэба, каб і маці любіла сваіх дзяцей, а ня тое што мы, беларусы, у Беларусі адчуваем сябе роўна зь іншымі. Дык што ж гэта за маці? Маці мусіць мяне любіць больш, чым суседняга пацана”.

Адмовілі ў рэгістрацыі і Партыі свабоды і прагрэсу, якую ўзначальвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд. Але гэтая незарэгістраваная партыя вырашыла ісьці іншым шляхам — ня скардзіцца ў Вярхоўны суд, а правесьці ўсю неабходную працэдуру паўторна.
XS
SM
MD
LG