Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ СЬЛЕДЧЫЯ КГБ ПРАВЯЛІ ПЕРАТРУСЫ Ў ТРОХ ОФІСАХ, КАНФІСКАВАЛІ КАМПУТАРЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

А 15-й гадзіне каманда гэбістаў завітала на вуліцу Карла Маркса 11, дзе месьцяцца грамадзкія арганізацыі — ад БНФ да ТБМ. У пакоі ТБМ робіцца газэта “День”, а яе галоўны рэдактар Мікола Маркевіч адначасова ўзначальвае і філію Таварыства беларускай мовы.

Пасьля заканчэньня ператрусу ён сказаў, што на яго думку, мэта КГБ – перашкодзіць выхаду газэты. Яны адразу прынесьлі мяхі для кампутарных сыстэмных блёкаў, шыла і ніты —зашыць мяхі, а таксама — на аркушыку адбіткі пячаткі, каб выразаць і прыклеіць зьверху, карацей — апячатаць. Так і адбылося, ператрус доўжыўся чатыры гадзіны.

У 19.15 выйшлі спачатку міліцыянты, потым супрацоўнікі КГБ у цывільным вынесьлі ўсе чатыры сыстэмныя блёкі рэдакцыі “Дня”.

Паназіраць сабралася публіка, усё гэта фатаграфавалі нямецкія журналісты, якія сёньня апынуліся ў Горадні. А апэратар КГБ запісваў на відэастужку ўсіх прысутных.

На сёньня нумар газэты “День” быў гатовы на 75 адсоткаў, але цяпер невядома калі яго ўдасца выпусьціць.

Калі ператрусы зьвязаныя з крымінальнай справай па факту абразы прэзыдэнта Лукашэнкі, з улёткай, якое да гэтага маглі мець дачыненьне Таварыства беларускай мовы і газэта “День”? Сьледчы КГБ Фядулаў патлумачыў Міколу Маркевічу, што нібыта сябры ТБМ кантактавалі з Валерыем Леванеўскім — кіраўніком страйкаму прадпрымальнікаў. Яго затрымалі і пасадзілі на 15 сутак якраз за распаўсюд гэтых улётак.

З аднаго боку на гэтых улётках надрукавана фота самога Леванеўскага і заклік прыйсьці 1 траўня на мітынг пратэсту, з другога — вершык, які ў КГБ прачыталі і знайшлі нібыта абразу прэзыдэнта Лукашэнкі.

У вершы адзін раз згадваецца слова “прэзыдэнт”. Сьледчы лічыць, што сябры ТБМ маглі дапамагчы Леванеўскаму памножыць улётку.

Ператрусы адбыліся таксама ў Таварыстве беларускай школы (ТБШ) і ў Фондзе Льва Сапегі, якія знаходзяцца ў іншых месцах. У ТБШ нічога не забралі, а вось Фонд Сапегі мае страты. Я размаўляў пасьля ператрусу з кіраўніком філіі Фонду Ўладзімерам Хільмановічам. Ён сказаў, што КГБ канфіскавала ў іх кампутарную тэхніку і адну кніжку — пад назвай “Зямля сьвятога Лукі” гарадзенскага паэта Алеся Чобата, прычым яна выдадзена ў польскім перакладзе.

Гл. таксама
• КГБ ШУКАЕ Ў ГОРАДНІ АЎТАРА ГУМАРЫСТЫЧНАГА ВЕРША
XS
SM
MD
LG