Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТАРШЫНЯ БХК ТАЦЯНА ПРОЦЬКА І ЯЕ МУЖ СУДЗЯЦЦА ЗЬ БЕЛАРУСКІМ ТЭЛЕБАЧАНЬНЕМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

29 лютага ў вечаровай праграме Беларускага тэлебачаньня “Ў цэнтры ўвагі” быў паказаны сюжэт Юрыя Пракопава, у якім, на думку сям’і Козыра і Процькі, бязь іхнай згоды былі распаўсюджаныя зьвесткі, што тычацца іх прыватнага жыцьця.

Тэлебачаньне паказала іхны дом у вёсцы Забалаць Смалявіцкага раёну, а таксама фэрмэрскую гаспадарку спадара Козыра, коней і машыны. Аўтар сюжэту сьцьвярджаў, што Тацяна Процька штомесяц атрымлівае ў Хэльсынскім камітэце 1 мільён 900 тысяч рублёў, яе муж трымае конезавод, дзе знаходзяцца каля 15 дарагіх скакавых коней, а таксама мае шыкоўныя машыны і дом з лазьняй. Паводле пазоўнікаў, Юры Пракопаў, які назваў свой сюжэт “Дом, які пабудаваў Сэм”, намякаў, што ўсё гэтае багацьце Тацяна Процька і Дзьмітры Козыр набылі на заходнія грошы, якія выдзяляліся Хэльсынскаму камітэту ды нібыта былі схаваныя ад падаткаабкладаньня.

У судзе Дзьмітры Козыр і ягоны прадстаўнік Гары Паганяйла казалі, што пасьля выхаду гэтага сюжэту і ягонага паўтору на наступны дзень пазоўнікі зьведалі маральныя і фізычныя пакуты. У выніку нэрвовага стрэсу ў Дзьмітрыя Козыра і Тацяны Процькі пагоршылася здароўе, зь цяжкасьцю перажылі паказанае ў сюжэце іх родныя і сваякі. Пасьля дэманстрацыі сюжэту злодзеі спрабавалі скрасьці сельгастэхніку Дзьмітрыя Козыра, а ў ягонай фэрмэрскай гаспадарцы пачалася падатковая праверка.

Паводле спадара Козыра, ягоныя аднавяскоўцы, сябры і знаёмыя былі абураныя хлусьнёй Беларускага тэлебачаньня. Дзьмітры Козыр гаворыць, што ягоная жонка не атрымлівае штомесяц амаль 1 тысячу даляраў зарплаты, у яго няма шыкоўнага джыпа, а таксама лазьні і дарагіх коней. Коні самыя звычайныя беларускія, а зусім не дарагія скакавыя, ёсьць дзьве старыя машыны, а дом ён збудаваў сваімі рукамі. Дзьмітры Козыр і Тацяна Процька просяць суд спагнаць у якасьці кампэнсацыі маральных стратаў з БТ і спадара Пракопава па 35 мільёнаў рублёў, а таксама 87500 рублёў судовай дзяржпошліны.

Юры Пракопаў і прадстаўнік БТ Андрэй Іваноў заявілі, што ніякага ўмяшальніцтва ў прыватнае жыцьцё Козыра і Процькі не было, зьвесткі пра заробкі старшыні БХК атрыманыя з пэўных крыніцаў, і ўвогуле назвалі пазоў неабгрунтаваным. Юры Пракопаў называе гэтую справу палітычна матываванай:

(Пракопаў: ) “Мне здаецца, што гэтая справа палітычна матываваная. Тое, што тычыцца самога пазову, зразумела, што мы цалкам ня згодныя. Інфармацыя пра тое, што нейкі грамадзянін валодае нейкай уласнасьцю — як гэта можа абражаць гонар, ці наносіць нейкія маральныя страты, я ня ведаю. Таму лічу, што гэты пазоў у суд мае палітычную матывацыю”.

А Дзьмітры Козыр ходам працэсу пакуль задаволены:

(Козыр: ) “Я задаволены першым днём судовага паседжаньня. Тое, што я падаў у суд, ведае ўся вёска. Тое, што вядзецца гэтае судовае паседжаньне нармальным шляхам, гэта мяне пакуль задавальняе. Я гатовы нават заплаціць БТ, каб яны паказалі гэтае судовае паседжаньне па тэлебачаньні. Гэта дадало бы народу веры і надзеі ў тое, што ёсьць у нас нармальны справядлівы суд, і ёсьць у нас асабістае жыцьцё і ўласнасьць, якія ахоўваюцца і Канстытуцыяй, і законам, і нашым прэзыдэнтам”.

Наступнае судовае паседжаньне ў гэтай справе адбудзецца 4 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG