Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ ПРАТЭСТАВАЛІ ІНВАЛІДЫ-КАЛЯСАЧНІКІ


Галіна Абакунчык, Менск

Больш за дваццаць чалавек у інвалідных вазках выстраіліся ўздоўж менскага пляцу Бангалор, каб нагадаць уладам аб праблемах інвалідаў — адсутнасьці належнага сацыяльнага, мэдычнага забесьпячэньня, магчымасьці працаўладкаваньня. У інтэрвію Радыё Свабода яны казалі, якой дапамогі дамагаюцца ад дзяржаўных структураў.

(Інвалід: ) “Хацелі бы, каб далі магчымасьць выйсьці на вуліцу гэтак, як і ўсе людзі, безь перашкодаў”.

(Інвалід: ) “Вуліцу перайсьці — ужо праблема для мяне як калясачніка. Аздараўленьне: чыноўнікі ад мэдыцыны не даюць даведак, што інвалід мае патрэбу ў лячэньні”.

(Інвалід: ) “Законы, якія ёсьць адносна інвалідаў, цяпер не працуюць”.

У руках пратэстоўцы трымалі плякаты, на якіх было напісана: “Мы хочам працаваць”, “Улады і ЖЭСы глухія да нашых праблемаў”, “Дзяржаўная сыстэма супраць інвалідаў”. “Гэтак адбываецца ўжо сёмы год, але сытуацыя не зьмянілася”, — кажа старшыня грамадзкай арганізацыі Сяргей Драздоўскі.

(Драздоўскі: ) “Кожны раз, зьбіраючыся тут, мы прымаем зварот да прэзыдэнта як гаранта нашых канстытуцыйных правоў. Пасьля гэтага сустракаемся зь міністэрствамі, але нашае становішча год ад году толькі пагаршаецца. Бо тыя рашэньні, якія прымаюцца, не выконваюцца. Тыя, хто не выконвае, ніякай адказнасьці не нясуць, і таму мы вымушаныя кожны раз зьбірацца тут. Нашыя лёзунгі й нашыя плякаты адны і тыя ж, а гэта сьведчыць пра тое, што нашыя праблемы не вырашаюцца”.

Паводле спадара Драздоўскага, яшчэ адной праблемай для інвалідаў можа стаць спроба ўладаў перавесьці грамадзкія арганізацыі ў падпарадкаваньне дзяржавы — з прапановай рэарганізавацца ў рэспубліканскае дзяржаўнае аб’яднаньне да грамадзкіх арганізацыяў інвалідаў зьвярнулася Міністэрства юстыцыі. Аднак інваліды перакананыя, што гэта толькі пагоршыць іхнае становішча, бо ў выніку яны страцяць магчымасьць нават праводзіць акцыі пратэсту.
XS
SM
MD
LG