Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 СУТАК ПРАВЯДЗЕ Ў НЯВОЛІ МАЛАДАФРОНТАВЕЦ ЗЬМІЦЕР ДАШКЕВІЧ


Любоў Лунёва, Менск

У судзе Савецкага раёну сабралася каля трох дзясяткаў чалавек. Судзьдзя Натальля Скугарава адмовілася праводзіць судовае паседжаньне ў вялікай залі. А ў кабінэце змаглі размесьціцца толькі некалькі чалавек, астатнія чакалі ў калідоры.

Зьмітра Дашкевіча затрымалі 1 траўня ў сквэры Янкі Купалы, калі маладафронтаўцы разгарнулі расьцяжку з надпісам: “Малады Фронт”. Зьмітра завезьлі ў Савецкі аддзел міліцыі і склалі пратакол за іншую падзею — за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” 26 красавіка. Хлопца адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна і там да суду трымалі пад вартай.

Затрыманьне Зьмітра адбылося падчас выступу лідэра “Народнай грамады” Міколы Статкевіча. Ён прыехаў у суд, каб выказаць хлопцу маральную падтрымку.

(Статкевіч: ) “Хацеў сказаць вялікі дзякуй маладым людзям, якія па сутнасьці ўратавалі акцыю “Чарнобыльскі шлях”. Калі дарослыя палітыкі бегалі па плошчы ўзад і ўперад, а то й з плошчы, яны прарвалі кардон і вывелі дэманстрацыю на праспэкт Скарыны і арганізавалі яе. Потым хаця і высьветлілася, што ў гэтай акцыі шмат “бацькоў”, але гэтая дэманстрацыя, была хоць і нешматлікая, але яскравая і дынамічная, дзякуючы Маладому Фронту. Заўсёды пасьля дэманстрацыяў ідзе расправа, гэта, на жаль, заўсёды ў нашай краіне. Цяпер ідзе расправа над маладым чалавекам, які ўдзельнічаў у гэтай акцыі”.

Прысуд — 15 сутак арышту — ня стаў нечаканасьцю для Зьмітра Дашкевіча. За апошнія тры гады яго судзілі некалькі разоў за ўдзел у моладзевых апазыцыйных акцыях.

(Дашкевіч: ) “Гэты арышт, які мне прысудзілі ўлады, яшчэ раз падкрэсьліў, што баяцца ў асноўным моладзь. На “Чарнобыльскім шляху” моладзь, менавіта Малады Фронт праявіў палітычную волю. Я лічу, што людзі, якія зьбіраюцца кіраваць краінай, якія ідуць на парлямэнцкія выбары, якія запрашаюць сваіх будучых выбарцаў прыйсьці падтрымаць іх на плошчу Якуба Коласа, а потым зьнікаюць, — яны ня маюць права нават абяцаць нешта. Адзіны, хто застаўся ў гэтай краіне з тых, хто можа змагацца — гэта моладзь”.

Міліцыянты ў судзе казалі Зьмітру, што на яго нібыта склалі яшчэ адзін пратакол — за ўдзел у нейкай ранейшай акцыі. Маладафронтавец пашкадаваў, што ў такім выпадку ня трапіць на зьезд Маладога Фронту, бо ён падаў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні гэтай арганізацыі.

Усе чакалі, што ў суд зь міліцыі прывязуць лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Але ў аддзеле міліцыі зь яго ўзялі пісьмовыя тлумачэньні і адпусьцілі, бо ў шэсьці 26 красавіка ён ня ўдзельнічаў. Праз гадзіну яму патэлефанавалі міліцыянты і папрасілі зноў прыехаць, каб нешта ўдакладніць. Анатоль Лябедзька адмовіўся і параіў даслаць яму афіцыйную позву.

Гл. таксама
У МЕНСКУ АМОНАЎЦЫ РВАЛІ НА КАВАЛКІ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ, А Ў БАРЫСАВЕ ЗЬБІВАЛІ ДЗЯЦЕЙ
XS
SM
MD
LG