Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ СВАБОДНЫЯ СМІ Ў БЕЛАРУСІ?


Галіна Абакунчык, Менск

На пытаньне пра свабоду прэсы ў Беларусі мінакі найчасьцей выказваліся гэткім чынам:

(Спадарыня: ) “Тыя газэты, якія пішуць праўду, іх мала. Хацелася бы, канечне, больш чытаць менавіта праўды”.

(Спадар: ) “Існуе самаабмежаваньне, калі людзі адчуваюць, што за кожнае сваё слова яны будуць трымаць адказнасьць. Таму і абмяжоўваюць сваю свабоду слова самі, улічваючы пэўныя абставіны”.

(Юначка: ) “Я лічу, што ў Беларусі ёсьць свабода слова. Я студэнтка, і, п рыкладам, у студэнцкай газэце выказваюцца вельмі сьмелыя меркаваньні”.

(Спадар: ) “Газэтаў я не чытаю, бо ўсе яны пішуць адно і тое ж. Тэлебачаньня ўвогуле амаль не гляджу. Лічу, што расейскія СМІ даюць больш інфармацыі”.

Сярод маіх сёньняшніх выпадковых суразмоўцаў трапілася некалькі чалавек, якія часта бываюць альбо жывуць ва Ўкраіне і ў Расеі. Гэтыя людзі казалі, што маюць магчымасьць параўнаць становішча са свабодай слова ў суседніх краінах. Адносна становішча мэдыяў у Беларусі іхныя меркаваньні падзяліліся.

(Спадар: ) “Магу сказаць, што ў вас ня так усё кепска, як адлюстроўваецца ў СМІ ў тых жа суседніх дзяржавах. Ва Ўкраіне, да прыкладу, лічаць, што ў Беларусі цяпер фашыстоўскі рэжым. Але я бачыў у вас газэты з вострымі матэрыяламі супраць Лукашэнкі. Да прыкладу, “БДГ” альбо інтэрнэт-выданьні, дзе на кожнай старонцы ёсьць шпількі ў ягоны гонар. І гэта, па-мойму, неблагая прыкмета”.

(Спадар: ) “Свабодная прэса ў Беларусі? Мне здаецца, што яе няма. Журналіст ня можа пісаць пра прэзыдэнта, палітыку тое, што яму хацелася бы. У кожнага ёсьць дзеці, яму няма куды дзецца — бедны, ён так і круціцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у Беларусі свабода слова?”

(Спадар: ) “Па-мойму, яе няма. Вось гэтыя ўсе выданьні, якія тут ёсьць, яны пішуць тое, што патрэбна ўладам. Але мала пішуць пра адваротны бок мэдаля — ва ўсялякім разе, ніякай альтэрнатыўнай думкі я ня бачу. Рэч такая, што я расеец — і, канечне, у нас шмат больш розных газэтаў свабодных, а тут я не пабачыў”.

Адрозна ад прыежджых, у апытаных мясцовых мінакоў пра свабоду прэсы ў Беларусі вельмі падобныя меркаваньні:

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у Беларусі свабода парэсы?”

(Юначка: ) “Не, бо яе душаць, заціскаюць, не даюць пісаць тое, што хочуць чытаць і слухаць”.

(Спадарыня: ) “Беларусь займае толькі 132-е месца па свабодзе слова й прэсы — камэнтаваць больш няма чаго”.

(Юнак: ) “Сказаць што ў Беларусі ёсьць свабода прэсы — немагчыма, бо ўсе газэты, тэлеканалы і шматлікія каналы радыё, яны падпарадкаваныя дзяржаве. Ёсьць нейкія пачаткі. Але яны губяцца на карню. І толькі Радыё Свабода ў гэтым сэнсе нас вельмі радуе”.
XS
SM
MD
LG