Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭР АГП МОЖА ПАПОЎНІЦЬ ШЭРАГІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ


Любоў Лунёва, Менск

Алесь Міхалевіч паводле пастановы Савецкага суду мусіць правесьці за кратамі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка 10 сутак арышту. Ягоная жонка Мілана занесла сёньня другую перадачу. Вось што яна распавяла Радыё Свабода ў дворыку спэцпрыёмніка, калі выйшла з дзяжурнай часткі:

(Міхалевіч: ) “Перадала тое, што звычайна перадаюць – газэты, мінэралку, часопіс “ARCHE”, кніжкі пачытаць, гуркі, печыва… Сябры дапамаглі ўсё гэта сабраць. Гэта ўжо другая перадача проста дзеля таго, каб ён не адчуваў сябе ў адзіноце. Па шчырасьці, я лічу, што ён сябе там нядрэнна адчувае, бо яны сядзяць разам з Андрусём Козелам. Гэта лепш, чым звычайная абстаноўка”.

Андрусь Козел, актывіст АГП, жыве ў Фаніпалі. Пасьля вынясеньня прысуду ён паведаміў Радыё Свабода, што адчувае ціск з боку ўладаў. За два тыдні да “Чарнобыльскага шляху” яго зьбілі невядомыя, а сярод шараговых удзельнікаў шэсьця ён быў адзіны, каго затрымалі амонаўцы. Сваякі дваццацігадовага Андруся непакояцца за ягонае здароўе, бо ў хлопца хворае сэрца. Ад пачатку затрыманьня сябры АГП выказвалі яму падтрымку.

Гаворыць старшыня абласной арганізацыі АГП Марыя Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Калі мы даведаліся, што яго затрымалі, то адразу пайшлі ў краму і набылі неабходныя прадукты. Перадалі яму мінэральную ваду, печыва, сыр, а потым яшчэ ў суд прынесьлі яго любімы кефір, батон і аўсянае печыва. У спэцпрыёмнік мы аднесьлі цёплыя рэчы, харчовую перадачу. Але галоўнае, ён прасіў кніжкі. Мы перадалі яму падручнік ангельскай мовы, фантастыку і дэтэктывы. Галоўнае – маральная падтрымка. Мы разумеем, які гэта шок, як гэта страшна, калі за табой зачыняюць дзьверы, ты застаесься адзін, і табе здаецца, што ніхто пра цябе не памятае”.

Алесь Міхалевіч і Андрусь Козел знаходзяцца ў адной камэры. Яны дзеляцца перадачамі і абменьваюцца літаратурай. Калі б не харчовыя перадачы з волі, то ад дзяржавы яны б мелі шклянку гарбаты з кавалкам хлеба на сьняданак, і ўвечары абед, спалучаны зь вячэрай – талерка супу, каша, катлета і тая ж шклянка гарбаты.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька не выключае, што ў хуткім часе таксама трапіць у камэру спэцпрыёмніка. Ён атрымаў позву ў міліцыю на 30 красавіка. Але ў гэты дзень мусіў браць удзел у канфэрэнцыі, якая адбываецца ў Вільні. Міліцыянты пагадзіліся перанесьці працэдуру складаньня пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваны шэсьці на 3 траўня. Мы зьвязаліся са спадаром Лябедзькам па мабільным тэлефоне:

(Лябедзька: ) “Для мяне “Чарнобыльскі шлях” не завершаны. Як высьветлілася, мяне шукала міліцыя, а потым патэлефанаваў намесьнік кіраўніка Савецкага РУУС і папрасіў сустрэцца зь ім. Ён прынёс позву ў міліцыю. Мы дасягнулі пакуль кампрамісу, што я прыйду ня ў пятніцу, а ў панядзелак, бо я заплянаваў удзельнічаць у канфэрэнцыі ў Вільні. Якая пэрспэктыва? Зыходзячы з таго, што суду фактычна не было, было судзілішча ў адносінах да Гразновай, Козела і Міхалевіча, я думаю, што некаторы час буду ізаляваны ад свабоднага жыцьця ў “свабоднай” Беларусі”.

Для віцеблянаў Сяргея Катушонка і Хведара Бакунава “Чарнобыльскі шлях” таксама яшчэ ня скончыўся. Іх зьбілі невядомыя ў цывільным пасьля заканчэньня акцыі. Сяргей і Хведар дагэтуль знаходзяцца ў рэанімацыі гарадзкога шпіталя.
XS
SM
MD
LG